Беларускім спартоўцам, злоўленым на допінгу, мала не падасца



У Беларусі „вызначаны практычныя механізмы для прадухілення і прафілактыкі прымянення забароненых у спорце рэчываў і метадаў, а таксама меры адказнасці за парушэнне антыдопінгавых правілаў”, паведаміла прэс-служба прэзідэнта ў рэлізе аб падпісанні Аляксандрам Лукашэнкам 24 траўня ўказа № 201 „Аб супрацьдзеянні допінгу ў спорце”.

У выпадку дыскваліфікацыі спартсмена або яго персаналу за допінг ім будзе забаронена займацца педагагічнай дзейнасцю ў сферы фізічнай культуры і спорту. Іх таксама абавяжуць кампенсаваць сумы стымулюючых выплат, прадугледжана пазбаўленне дзяржаўных узнагарод, да якіх яны былі прадстаўлены за адпаведныя спартыўныя вынікі.

За сістэматычнае грубае парушэнне антыдопінгавых правілаў федэрацыі (саюзы, асацыяцыі) могуць быць пазбаўлены права на атрыманне дзяржпадтрымкі, вызваленне ад падаткаў і збораў (пошлін) замежнай бязвыплатнай дапамогі. Таксама магчыма іх выключэнне з рэестра федэрацый на тэрмін да двух гадоў.

У дачыненні да нацыянальных і зборных каманд у такіх выпадках прадугледжаны меры, якія ўключаюць памяншэнне іх колькасці і фінансавання.

Ураду даручана прапрацаваць пытанне аб устанаўленні крымінальнай адказнасці за выкарыстанне забароненых рэчываў і метадаў, а таксама за схіленне спартсменаў да парушэння антыдопінгавых правілаў.

belapan.by