Беларускія баксёры на каранціне не адчуваюць праблемаў са здароўем



Беларускія баксёры, якія вярнуліся з кваліфікацыйнага алімпійскага турніру ў Лондане і змешчаныя зараз на каранцін, не адчуваюць праблемаў са здароўем.

Пра гэта расказаў выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі бокса Дзяніс Сабалеўскі. У двух турэцкіх баксёраў і аднаго трэнера, якія таксама былі на турніры ў Лондане, тэсты на каронавірус далі станоўчыя вынікі. „Нас тэставалі двойчы, вынікі былі адмоўнымі. Зараз трэніруемся, стараемся па магчымасці працаваць, – сказаў Дзяніс Сабалеўскі. Па словах выканаўчага дырэктара, пасля каранціну баксёры будуць планаваць падрыхтоўку ў Беларусі, так як межы іншых краін зачыненыя і няма магчымасці выехаць на турніры або зборы за мяжу.

Першая група беларускіх лёгкаатлетаў прыбыла са збораў у Кіславодску

Першая група лёгкаатлетаў прыбыла  са збораў у Кіславодску, паведаміў  старшы трэнер па вынослівасці нацыянальнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы Андрэй Гардзееў. „Прыбылі  рэйсам з аэрапорта Дамадзедава. Усяго прыляцелі каля 20 чалавек. Усе адчуваюць сябе выдатна, знаходзімся ў працоўным стане. Зараз будзем накіраваныя ў каранцін”, – распавёў Андрэй Гардзееў. Паводле яго слоў, з-за пераносу спаборніцтваў каляндар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі карэктуецца. Наступная група атлетаў прыбудзе з Кіславодска 6 красавіка.

Мікіта Труханаў стаў чэмпіёнам Турцыі па хакею

Беларускі абаронца „Буз Бейкоз” Мікіта Труханаў стаў чэмпіёнам Турцыі. Яго клуб у фінале плэй-оф абыграў чэмпіёнаў пяці апошніх гадоў „Зэйцінбурну” – 4:2. Паядынак праходзіў без гледачоў з-за пандэміі каронавіруса. Мікіта Труханаў у пачатку сезона гуляў у „Бабруйску”, у складзе якога правёў чатыры матчы і ачкоў не набраў. У чэмпіянаце Турцыі 21-гадовы беларус зарабіў 22 (5 + 17) балы ў 12 гульнях пры паказчыку карыснасці „+27”.

Заўзятараў на чэмпіянаце Беларусі будуць рассаджваць на пэўнай дыстанцыі

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй беларускія футбольныя клубы атрымалі рэкамендацыі па арганізацыі правядзення спартова-масавых мерапрыемстваў, паведамляе сайт «Іслачы».

Ва ўпраўленні спорту і турызму прынятыя наступныя рашэнні:

– спыніць працу фан-зоны на стадыёне;

– спыніць працу гандлёвых кропак;

– праводзіць рассаджванне заўзятараў на пэўнай дыстанцыі адзін ад аднаго.

Нагадаю, толькі ў Беларусі не спынілі правядзенне чэмпіянату па футболе. У першым туры арэны наведалі ў два разы менш гледачоў, чым у мінулым годзе. Другі тур стартуе 27 сакавіка і завершыцца 29 сакавіка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Беларускай федэрацыі бокса