Беларускія барцы выйгралі тры галоўныя ўзнагароды ў Будапешце
Беларускія барцы вольнага стылю выйгралі тры галоўныя ўзнагароды на кваліфікацыйным турніры па вольнай барацьбе, які завяршыўся ў Будапешце. Алі Шабанаў (86 кг), Аляксандр Гуштын (97 кг) і Дзяніс Храмянкоў (125 кг), якія гарантавалі сабе алімпійскія ліцэнзіі, не спыніліся на дасягнутым і выйгралі ў вырашальных паядынках узнагароды вышэйшай пробы. Алі Шабанаў у фінале перамог турка Асмана Гачэна 7:0. Аляксандр Гуштын правёў няпросты паядынак супраць турэцкага атлета Сулеймана Карадэніза. Яшчэ за 15 секунд да фінальнага свістка атлет з Беларусі саступаў 2:3, але сабраўся і прайшоў суперніку ў ногі, зарабіўшы выйгрышныя два балы. Што тычыцца Дзяніса Храмянкова, то ён на першай хвіліне вырашальнага паядынку супраць прадстаўніка Нямеччыны Генадзя Цудзіновіча змог выпхнуць суперніка за дыван, зарабіўшы бал. Супернік, які таксама гарантаваў сабе месца на Гульнях у Токіа, ад далейшай барацьбы адмовіўся, спаслаўшыся на траўму. Зборная Беларусі па жаночай барацьбе выйграла тры алімпійскія ліцэнзіі на Гульні ў сталіцы Японіі. Акрамя Ванэсы Каладзінскай і Васілісы Марзалюк, якія выйшлі ў фінал у Будапешце, на чэмпіянаце свету-2019 у Казахстане ўдзел у галоўных стартах чатырохгоддзя сабе гарантавала Ірына Курачкіна, якая выйграла ў Нур-султане бронзу.
Гандбалісткі зборнай Беларусі перамаглі Фарэры ў кваліфікацыі Чэмпіяната свету
Гандбалісткі зборнай Беларусі паспяхова стартавалі ў хатнім адборавым турніры чэмпіянату свету. У першай гульні 5-й кваліфікацыйнай групы беларускі на пляцоўцы менскай „Чыжоўка-Арэны” ўпэўнена перайгралі каманду Фарэрскіх выспаў з лікам 21:13. У нядзелю беларускі завершаць турнір сустрэчай са зборнай Швейцарыі, якая 20 сакавіка будзе супернічаць з Фарэрскай дружынай.
Хакеісты салігорскага „Шахцёра” зраўнялі лік у паўфінальнай серыі
Хакеісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі „Гомель” з лікам 4:2 і зраўнялі лік у паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіяната Беларусі. Першая шайба пабывала ў брамцы «Гомеля» на восьмай хвіліне. Намаганні партнёраў па камандзе завяршыў дакладным кідком Раман Крыкуненка. Шайба надала „гарнякам” сіл, і менш чым праз дзве хвіліны віншаванні ад партнёраў па камандзе прымаў Андрэй Фяклістаў, які рэалізаваў большасць. Натхнёныя такім ходам падзей гульцы „Шахцёра” вызначыліся яшчэ двойчы. Найперш, Андрэй Фяклістаў аформіў галявы дубль, а затым чацвёртую шайбу сваёй каманды закінуў Віталь Антановіч. Варта аддаць належнае камандзе Сяргея Стася, якая не склала рукі, а паспрабавала адыграцца. Прымусіўшы „гарнякоў” дзейнічаць другім нумарам, гамяльчане закінулі двойчы. Шайбы на свой рахунак запісалі Антон Елісеенка і Аляксандр Скорэнаў. Заключная траціна паядынку прайшла ў бескампраміснай барацьбе, але лік на табло так і не змяніўся.
Брамнік Дэні Тэйлар атрымаў права выступаць за хакейную зборную Беларусі
Міжнародная федэрацыя хакея афіцыйна апавясціла Федэрацыю хакея Беларусі аб зацвярджэнні змены спартовага грамадзянства брамнікам менскага „Дынама” Дэні Тэйларам. Цяпер хакеіст мае права выступаць у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі на турнірах, якія праходзяць пад эгідай Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) – чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях, паведамілі ў прэс-службе грамадскага аб’яднання. „З нецярпеннем чакаю моманту, калі зноў выйду на матч у форме зборнай. Сярод мэтаў – паспяхова выступіць на чэмпіянаце свету. Веру, што ў нас усё атрымаецца,” – цытуе Дэні Тэйлара прэс-служба Федэрацыі хакея Беларусі.
Лукас Хофер выйграў спрынт на этапе Кубка свету ў Швецыі
Італьянскі біятланіст Лукас Хофер выйграў мужчынскую спрынтарскую гонку на этапе Кубка свету ў шведскім Эстэрсундзе. Дыстанцыю працягласцю 10 км пераможца пераадолеў за 22 хвіліны 27,1 секунды. Другое месца заняў швед Себасцьян Самуэльсан, які адстаў ад лідара на 4 секунды. Трэцяе месца пакінуў за сабой нарвежац Тар’ей Бё, які саступіў пераможцу 14,4 сек. Усе тры страляючыя лыжнікі не дапускалі промахаў на абодвух агнявых рубяжах. Лепшым з беларусаў стаў Антон Смольскі з адставаннем хвіліна 13,5 секунд і адным промахам на стрэльбішчы.
„Іслач” перамагла «Смаргонь», „Тарпеда-БелАЗ” выйграў у „Славіі”
У сваім другім хатнім паядынку чэмпіяната Беларусі па футболе «Іслач» перайграла гасцей са „Смаргоні” з лікам 2:0. Абодва мяча ў гэтай сустрэчы забіў ветэран „Іслачы” Дзмітрый Камароўскі – першы раз ён вызначыўся на 17-й хвіліне сустрэчы, а на 50-й хвіліне рэалізаваў пенальці. Для футбалістаў „Смаргоні” гэта другая параза запар. Таксама бронзавыя прызёры мінулага першынства футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” адолелі ў Мазыры мясцовую „Славію” – 1:0. Пераможны мяч у актыве Мікіты Мікалаевіча. Цэнтральны матч гэтага тура адбудзецца сёння ў Берасці: мясцовае „Дынама” прыме барысаўскі БАТЭ. Таксама „Энергетык-БДУ” згуляе на сваім полі з чэмпіёнам краіны салігорскім „Шахцёрам”, „Віцебск” сустрэнецца з менскім „Дынама”, а футбалісты „Мінска” прымуць берасцейскі „Рух”. Праграма другога тура завершыцца ў нядзелю двума сустрэчамі: „Слуцк” згуляе з гарадзенскім „Нёманам”, а „Гомель” пазмагаецца з рэчыцкім „Спутнікам».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя