Беларускія баскетбалісткі перамаглі каманду Вялікабрытаніі



У Манчэстэры баскетбалісткі падначаленыя Наталлі Трафімавай вельмі ўпэўнена перайгралі каманду Вялікабрытаніі з лікам 90:59. У складзе пераможцаў самай выніковай стала Марыя Папова, якая набрала 24 ачкі. У першым паядынку кваліфікацыйнай групы F брытанкі абыгралі ў гасцях баскетбалістак Польшчы з лікам 75:63.

Фінальная частка 38-га жаночага чэмпіянату кантынента пройдзе ў чэрвені 2021 года на арэнах Іспаніі і Францыі, каманды якіх вызваленыя ад кваліфікацыі.

Менскія „Цмокi” саступілі баскетбалістам „Енісея” у хатнім матчы Адзінай лігі ВТБ

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” пацярпелі шостую паразу запар у Адзінай лізе ВТБ. У хатняй сустрэчы з краснаярскім „Енісеем” менчукі выйгравалі перад апошняй чвэрцю 11 ачкоў, але ў выніку саступілі 3 балы – 80:83. Самым выніковым у складзе „цмокаў” стаў Бранка Міркавіч, у актыве якога 20 ачкоў. Свой наступны паядынак „банкаўскага” турніру падначаленыя Расціслава Вергунова правядуць 24 лістапада ў гасцях у „Хімак”. Падмаскоўная каманда ўзначальвае турнірную табліцу Адзінай лігі ВТБ.

Хакеісты „Нёмана” саступілі „Бейбарысу”

Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” саступілі казахстанскаму „Бейбарысу” у заключным матчы паўфінальнай стадыі Кантынентальнага кубка IIHF з лікам 2:4. У складзе гарадзенскай дружыны закінутымі шайбамі адзначыліся Ягор Сцяпанаў і Віктар Туркін. Тым не менш беларуская каманда выйшла ў вырашальны раўнд розыгрышу ганаровага трафея.

Гандбалісты СКА прайгралі „Райн Левену” у першым матчы кваліфікацыі Кубка ЕГФ

Гандбалісты менскага СКА саступілі нямецкаму клубу „Райн Левен” у хатнім матчы 3-га кваліфікацыйнага раўнду розыгрышу Кубка ЕГФ. У першым тайме на паркеце менскага палаца спорту „Уручча” супернікі папераменна лідзіравалі, і да перапынку падначаленыя Ігара Папругі апынуліся наперадзе на адзін мяч. У пачатку другой паловы гульні менчукі працягвалі дамінаваць, але бліжэй да канцоўкі матчу дапусцілі масу памылак у атацы і ў выніку прайгралі прадстаўніку бундэслігі з розніцай у 4 галы — 28:32. Матч у адказ за выхад у групавы этап другога па рангу кантынентальнага клубнага турніру адбудзецца 20 лістапада ў Мангейме.

Паліна Сероносова стала 5-й у гонцы на 10 км у Фінляндыі

Беларуская лыжніца Паліна Сераносава завяршыла на 5-й пазіцыі выніковага пратаколу індывідуальную гонку на 10 км каньковым стылем на лыжным турніры катэгорыі FIS, які з 15 па 17 лістапада праходзіў у фінскім Муоніа. Беларуска пераадолела дыстанцыю за 27 хвілін 28,5 сек. Яшчэ адна беларуская лыжніца Ганна Каралёва заняла 14-е месца.

У мужчын на дыстанцыі 15 км вольным стылем беларускі спартовец Міхаіл Сямёнаў доўгі час быў у ліку лідараў з вынікам 36 хвілін 12,6 секунды. Аднак больш хуткія канкурэнты адціснулі яго на выніковае 8-е месца.

Зборная Партугаліі выйшла ў фінальную частку Еўра-2020

Дзеючыя чэмпіёны Еўропы футбалісты зборнай Партугаліі толькі ў апошнім туры кваліфікацыі забяспечылі сабе выхад у фінал Еўра-2020. У заключным матчы адборачнай групы В партугальцы перамаглі на выездзе каманду Люксембурга з лікам 2: 0 і прабіліся ў фінальную стадыю кантынентальнага першынства. Лідар гэтай групы зборная Украіны ў Бялградзе згуляла ўнічыю з камандай Сербіі – 2:2. Адборавы турнір Еўра-2020 завершыцца 19 лістапада. Пуцёўкі ў фінальную стадыю атрымліваюць па дзве лепшыя каманды з 10 кваліфікацыйных груп. Вясной 2020 года яшчэ 4 пропускі ў фінал разыграюць удзельнікі плэй-оф Лігі нацый.

Стефанас Цыцыпас упершыню стаў пераможцам выніковага турніру АТР

У трохсэтавым фінале грэк адолеў у Лондане аўстрыйца Дамініка Ціма- 7:6, 6:2, 7:6. Матч працягваўся 2 гадзіны 35 хвілін. Стефанас Цыцыпас, якому ўсяго 21 год, у першы раз выступаў на выніковым турніры АТР і адразу выйграў яго, чаго раней дамагаліся толькі 6 тэнісістаў. Ён зарабіў 2 мільёны 600 тысяч даляраў прызавых і 1300 рэйтынгавых ачкоў, завяршыўшы сезон на 6-м радку рэйтынгу АТР.

Беларускае Радыё Рацыя