Беларускія баскетбалісткі прайгралі славачкам на чэмпіянаце Еўропы
Баскетбалісткі зборнай Беларусі пацярпелі паразу на 38-м жаночым чэмпіянаце Еўропы. У іспанскай Валенсіі каманда Наталлі Трафімавай у другім туры папярэдняй групы А сустракалася з камандай Славакіі і саступіла з розніцай у чатыры ачкі – 54:58. Самай выніковай у складзе беларусак стала Алекс Бэнтлі, якая набрала 17 ачкоў. Свой заключны матч групавога этапу зборная Беларусі правядзе 20 чэрвеня супраць шведскіх баскетбалістак.
Ангельцы і шатландцы згулялі ўнічыю на чэмпіянаце Еўропы
Футбалісты Англіі і Шатландыі згулялі ўнічыю ў матчы другога тура чэмпіянату Еўропы – 0:0. Як і чакалася, сустрэча на поле лонданскага стадыёна „Уэмблі” атрымалася вельмі напружанай. У першым тайме невялікая перавага была на баку ангельцаў, пасля перапынку актывізаваліся ўжо шатландцы, але гледачы так і не пабачылі забітых мячоў. Раней у іншым матчы групы D футбалісты Харватыі і Чэхіі ў Глазга таксама разышліся мірам – 1:1. На 37-й хвіліне чэхі выйшлі наперад пасля пенальці ў выкананні Патрыка Шыка. Пасля перапынку перавагай завалодалі віцэ-чэмпіёны свету, і на 47-й хвіліне сустрэчы Іван Перышыч забіў мяч у адказ. Футбалісты зборнай Швецыі перамаглі славакаў з лікам 1:0. Паядынак у Санкт-Пецярбургу прайшоў на высокіх хуткасцях, абедзве каманды шмат атакавалі, але забілі толькі адзін гол і той з пенальці на 77-й хвіліне – Эміль Форсберг прынес перамогу шведскай дружыне. Сёння ў другім матчы папярэдняй групы Е зборная Іспаніі ў Севільі прыме каманду Польшчы. У групе F Вугоршчына згуляе з Францыяй, а Партугалія можа пакінуць немцаў па-за плэй-оф.
Салігорскі „Шахцёр” выйграў 13-ы матч чэмпіянату Беларусі па футболе
Лідэр футбольнага чэмпіянату Беларусі салігорскі „Шахцёр” святкаваў 13-ю перамогу запар, абыграўшы ў гасцях „Слуцк” з лікам 4:1. У першым тайме футбалісты „Слуцка” выйшлі наперад пасля дакладнага ўдару Стывена Альфрэда, але потым галы забівалі толькі госці. У другой палове сустрэчы галявы дубль аформіў лепшы снайпер беларускага першынства Дэмба Дарбо, на асабовым рахунку якога стала 13 забітых мячоў, а яшчэ па мячу забілі Ігар Стасевіч і Нікола Анціч. Футбалісты берасцейскага „Дынама” і „Смаргоні” згулялі ўнічыю – 2:2. Гуляючы ў Берасці, госці двойчы вялі, але гаспадары абодва разы здолелі зраўняць лік.
Зборная Беларусі па пляжным футболе прайграла расейцам у матчы Еўралігі
Зборная Беларусі па пляжным футболе пацярпела другую паразу на стартавым этапе чарговага розыгрышу Еўралігі ў партугальскім Назарэ. У паядынку другога тура папярэдняй групы С беларусы сустракаліся з расейцамі і саступілі з лікам 3:5. У складзе беларусаў забілі Іван Канстанцінаў, Анатоль Рабко і Вадзім Бокач. Пасля завяршэння першага тура Еўралігі зборная Беларусі таксама ў Назарэ з 21 па 27 чэрвеня паспрабуе заваяваць пуцёўку ў фінальную стадыю чэмпіянату свету. У кваліфікацыйнай групе супернікамі беларускай зборнай будуць каманды Іспаніі, Польшчы і адзін з пераможцаў папярэдняга адборавага этапу.
УЕФА адмовіўся праводзіць у Беларусі ўсе мерапрыемствы пад сваёй эгідай
На партале football.by паведамляецца, што гэтая інфармацыя змяшчаецца ў адказе намесніка генеральнага сакратара УЕФА Кевіна Лямура на адпаведныя запыты. Усе спаборніцтвы, запланаваныя на 2021 год у Беларусі, не адбудуцца. Лямур выказаў асабістую салідарнасць з тымі спартоўцамі, якія змагаюцца за абарону сваіх правоў, якія ўключаюць права на свабоду выказвання меркаванняў.
Вікторыя Азаранка прабілася ў паўфінал турніру ў Берліне
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка прабілася ў паўфінал адзіночнага разраду турніру катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 565,5 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале Азаранка перайграла ў трохсэтавым паядынку амерыканку Джэсіку Пегулу – 6:2, 5:7, 6: 4. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 50 хвілін. У матчы за выхад у фінал суперніцай беларускі будзе 106-я ракетка планеты расіянка Людміла Самсонава.
Кацярына Галкіна абвясціла аб завяршэнні кар’еры
Беларуская гімнастка Кацярына Галкіна абвясціла аб завяршэнні кар’еры. Галкіна за сваю кар’еру заваявала 4 срэбраныя і 1 бронзавы медаль Чэмпіяната свету, а таксама была ўдзельніцай Алімпійскіх гульняў 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра.
Беларускае Радыё Рацыя