Беларускія баскетбалісткі прайгралі ў матчах EWBL
Баскетбалісткі беларускіх клубаў пацярпелі паразы ў чарговых матчах жаночай Еўрапейскай баскетбольнай лігі. У Вільні дзейны пераможца гэтага турніру чэмпіён Беларусі „Гарызонт” саступіў гаспадыням этапа баскетбалісткам мясцовага „Кібіркштыса” з лікам 64:71. Самай выніковай у складзе „Гарызонта” стала Яніна Інкіна, якая набрала 20 ачкоў.
Гарадзенская „Алімпія” прайграла расійскай „Самары” 53:66. Лепшым снайперам у „Алімпіі” стала Анастасія Сушчык, у актыве якой 21 ачко. Гэта чацвёртая параза гарадзенскай каманды ў чатырох сустрэчах сёлетняга сезона Еўрапейскай баскетбольнай лігі.
Сталі вядомы даты матчаў мінскага СКА ў 1/8 фіналу Кубка ЕГФ.
Вызначаны даты правядзення матчаў 1/8 фіналу Кубка Еўрапейскай федэрацыі гандбола, дзе мінскі СКА сустрэнецца са шведскім „Шаўдэ”. Першая гульня пройдзе заўтра ў Швецыі і пачнецца а 18 гадзіне па беларускім часе. Паядынак у адказ каманды правядуць 20 студзеня ў сталічным палацы спорту „Уручча”. Стартавы свісток таксама прагучыць у 18.00. У 1/16 фіналу Кубка ЕГФ гандбалісты СКА перайгралі турэцкі „Бешыкташ”.
Кацярына Дудко перайшла з „Нёмана” у „Дынама”-БДУФК
Беларускі форвард Кацярына Дудко перайшла з гарадзенскага „Нёмана” у сталічнае „Дынама”-БДУФК. Кацярына нарадзілася 18 кастрычніка 1991 года ў вёсцы Макары (Гарадзенскай вобласці). З’яўляецца выхаванкай СДЮШАР „Белкард”. У перыяд з 2011 па 2015 год гуляла за каманду „Ніва-Белкард”. З 2017 года выступала за „Нёман”, на працягу некалькіх сезонаў была капітанам каманды. У сезонах 2020 і 2021 гадоў футбалістка станавілася лепшай нападніцай Жаночай Лігі, таксама летась Кацярына стала лепшым бамбардзірам (нароўні з Карынай Альховік і Меланай Сураўцавай). Акрамя таго, у мінулым сезоне Дудко выступіла і гуляючым трэнерам „Нёмана”, паведамляе прэс-служба „Дынама”.
Ягор Шаранговіч пакінуў COVID-пратакол „Нью-Джэрсі”
Беларускі форвард Ягор Шаранговіч пакінуў COVID-пратакол „Нью-Джэрсі”. Нападнік прыняў удзел у каманднай трэніроўцы. Беларус трапіў у спіс 4 студзеня і з таго часу прапусціў тры матчы „Нью-Джэрсі”: гульню з „Бостанам” і два паядынкі з „Каламбусам”. Выніковая серыя Шаранговіча складае чатыры сустрэчы, у якіх беларус набраў 5 (3+2) ачкоў. Ягор закідвае ў трох паядынках запар. Усяго ў сёлетнім сезоне на рахунку беларуса 14 (7+7) балаў у 30 матчах пры паказчыку карыснасці „+2”. Наступны матч „Нью-Джэрсі” правядзе ноччу – каманда Ліндзі Рафа сустрэнецца з „Айлендэрс”.
Шведскі „Рэгле” – першы фіналіст Хакейнай Лігі чэмпіёнаў
У Хакейнай Лізе чэмпіёнаў вызначыўся першы фіналіст – ім стаў „Рэгле”, які прадстаўляе чэмпіянат Швецыі. „Рэгле” прыняў удзел у Лізе чэмпіёнаў упершыню, і адразу прабіўся ў галоўны матч турніру. На паўфінальнай стадыі хакеісты з Энгельхольма па суме двух матчаў абыгралі чатырохразовых пераможцаў Лігі чэмпіёнаў – „Фрэлунду”, якая таксама выступае ў шведскай лізе. Першы паядынак, які прайшоў тыдзень таму, завяршыўся на карысць „Рэгле” – 5:3, у матчы ў адказ у Гётэборгу „зялёна-белыя” зноў былі мацнейшыя – 3:1.
Другім фіналістам Хакейнай лігі чэмпіёнаў стане пераможца пары „Тапара” (Фінляндыя) – „Рэд Бул Мюнхен” (Германія). Паўфінальныя паядынкі гэтых каманд, запланаваныя на 4-е і 11-е студзеня, былі адменены з-за ўспышкі каронавіруса ў нямецкім клубе. Рашэнне кіраўніцтва турніру адносна новых дат супрацьстаяння будзе аб’яўлена пазней.
Беларускае Радыё Рацыя