Беларускія баскетбалісткі саступілі турчанкам у таварыскім матчы



Баскетбалісткі зборнай Беларусі няўдала пачалі серыю кантрольных матчаў перад стартам чэмпіянату Еўропы. У Стамбуле падначаленыя Наталлі Трафімавай саступілі зборнай Турцыі з лікам 52:56. У першай палове матчу гульня была роўнай, а вось у трэцяй чвэрці беларускі згулялі слаба і адпусцілі суперніц наперад на 9 ачкоў. Самай выніковай у складзе беларускай каманды стала Марыя Папова, якая набрала 16 ачкоў, у актыве Настассі Верамеенкі на тры балы менш. Сёння, 26 траўня, таксама ў Стамбуле беларускія баскетбалісткі сустрэнуцца з камандай Расеі. Затым зборная Беларусі адправіцца ў Прагу, дзе 3 і 4 чэрвеня правядзе два спарынгі з камандай Чэхіі. Потым беларускі вернуцца ў Менск і двойчы – 8 і 9 чэрвеня – згуляюць з расейкамі. Пасля гэтых гульняў зборная Беларусі возьме курс на іспанскую Валенсію, дзе 17 чэрвеня стартуе на 38-м жаночым чэмпіянаце Еўропы. У першым паядынку папярэдняй групы А беларускі згуляюць з дзеючым чэмпіёнам Старога Свету камандай Іспаніі.

 

Шведскія хакеісты абыгралі швейцарцаў у матчы групавога этапу ЧС у Латвіі

Шведскія хакеісты абыгралі швейцарцаў у матчы першага этапа чэмпіянату свету ў Латвіі. Гульня каманд групы А завяршылася з лікам 7:0. Скандынавы такім чынам рэабілітаваліся ў вачах сваіх заўзятараў за папярэднія паразы ад датчанаў і беларусаў. У паралельным матчы каманд групы В зборная Фінляндыі ўпэўнена абыграла дружыну Нарвегіі – 5:2. Хакеісты Даніі абыгралі брытанцаў 3:2

Сёння зборная Беларусі згуляе свой чарговы матч. Супернік – Велікабрытанія. Пачатак матчу ў 20.15 па беларускім часе.

 

Васілеўскі і Эрліх выйшлі ў паўфінал тэніснага турніру ў Бялградзе

Беларускі тэнісіст Андрэй Васілеўскі і ізраільцянін Ёнатан Эрліх выйшлі ў паўфінал парнага разраду на турніры катэгорыі АТР-250 у сербскім Бялградзе з прызавым фондам 511 тысяч еўра. У чвэрцьфінале яны перайгралі ў трохсэтавым матчы венесуэльска-нідэрландскі дуэт Луіс Марцінэс / Сандэр Арэндс – 6:3, 0:6, 10:6. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 5 хвілін.

 

„Сталіца” выйшла ў паўфінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Гульцы „Сталіцы” апошнімі прабіліся ў паўфінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У вырашальным паядынку чвэрцьфінальнай серыі менчане разграмілі на сваёй пляцоўцы „Барысаў-900” 11:4. У складзе пераможцаў Уладзімір Жыгалка і Міхаіл Грыцына забілі па тры мячы. Да гэтага супернікі абмяняліся гасцявымі перамогамі: у першым матчы барысаўчане нечакана выйгралі ў „Мінску” ў дадатковы час 5:3, а потым у Барысаве „Сталіца” ўзяла пераканаўчы рэванш – 8:2. Раней у паўфінал прабіліся дзеючы чэмпіён краіны аршанскі „Вітэн”, які перамог у чвэрцьфінале „Мінск”, а таксама два гомельскія клубы – ВРЗ, які ўзяў верх над сталічным клубам „Дынама-БНТУ”, і БЧ, які перайграў сталічны „Дарожнік”.

 

„Манчэстар Юнайтэд” і „Вільярэал” згуляюць у фінале футбольнай Лігі Еўропы

Англійскі „Манчэстар Юнайтэд” і іспанскі „Вільярэал” сёння сустрэнуцца ў фінале Лігі Еўропы. Вырашальны паядынак другога па рангу кантынентальнага клубнага турніру будзе судзіць брыгада французскіх арбітраў, якую ўзначаліць Клеман Цюрпэн. Фінальны матч Лігі Еўропы пройдзе ў Гданьску. Сустрэча пачнецца ў 22 гадзіны па беларускім часе. У паўфінале футбалісты „Манчэстар Юнайтэд” апынуліся мацней за італьянскую „Рому”. „Вільярэал” адолеў па суме двух паўфінальных сустрэч англійскі „Арсенал”. У фінале мінулага сезону Лігі Еўропы ў нямецкім Кёльне іспанская „Севілья” заваявала свой шосты тытул, абыграўшы міланскі „Інтэр” з лікам 3:2.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя