Беларускія баскетбалісты пацярпелі першую паразу
Беларускія баскетбалісты пацярпелі першую паразу ў другім кваліфікацыйным раўндзе чэмпіянату Еўропы 2021, прайграўшы камандзе Даніі.
Першую чвэрць матчу на пляцоўцы менскага Falkon Club беларусы правалілі, саступіўшы 15:27. Аднак затым падначаленыя Аляксандра Круцікава зайгралі значна больш упэўнена і да вялікага перапынку скарацілі разрыў да трох ачкоў. У самым канцы гульні беларусы зноў скарацілі разрыў да аднаго бала, але ў выніку саступілі з лікам 78:81. Самым выніковым у прайграўшых стаў Маалік Уэйнс, які набраў 15 ачкоў, на 2 балы менш у актыве Арцёма Парахоўскага.
Для датчанаў сустрэча ў Менску стала першай у групе Е, а беларусы да гэтага ўпэўнена перайгралі ў Тыране каманду Албаніі з лікам 73:51. Свой наступны паядынак беларускія баскетбалісты правядуць 14 жніўня таксама на сваёй пляцоўцы супраць Албаніі.
Беларускае Радыё Рацыя