Беларускія баскетбалісты перамаглі на старце Кубка выкліку



Баскетбалісты моладзевай зборнай Беларусі пераможна пачалі выступы на групавым этапе розыгрышу Кубка выкліку ў венгерскім Шапроне. У матчы першага тура папярэдняй групы Е падначаленыя Георгія Кандрусевіча ўпэўнена перайгралі баскетбалістаў Косава з лікам 101:60. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Арцём Секушэнка, які набраў 17 ачкоў. Сёння беларусы сустрэнуцца з камандай Славакіі, а 22 ліпеня завершаць першы этап гульнёй з венгерскімі баскетбалістамі.

Вольга Гаварцова прайграла ў 1/16 фіналу тэніснага турніру ў Гдыні Беларуская тэнісістка Вольга Гаварцова, якая мае 126-ы нумар сусветнага рэйтынгу, прайграла на старце адзіночнага разраду турніру катэгорыі WTA-250 у польскай Гдыні з прызавым фондам 235 тысяч 200 даляраў. У матчы 1/16 фіналу беларуска саступіла прадстаўніцы Германіі 162-й ракетцы планеты Тамары Корпач – 6:1, 5:7, 5:7. Паядынак доўжыўся 3 гадзіны.

Крыс Клайберн пакінуў „Цмокi-Менск”

Менскія „Цмокi” абвясцілі аб сыходзе з каманды амерыканскага абаронцы Крыса Клайберна. 25-гадовы баскетбаліст быў прызнаны найлепшым форвардам ў чэмпіянаце Беларусі мінулага сезона. У Адзінай лізе ВТБ Клайберн правёў 23 матчы, набіраючы ў сярэднім па 16 ачкоў і робячы 4 падборы.

Максім Бардачоў папоўніў БАТЭ

Абаронца „Тарпеда”-БелАЗа Максім Бардачоў вярнуўся ў барысаўскі БАТЭ. Пра гэта паведамляе прэс-служба. Выхаванец гарадзенскай СДЮШАР-6 дэбютаваў у вышэйшай лізе за родны „Нёман” у 2004 годзе, а ўжо ў 2006-м перабраўся ў сталічны МТЗ-РІПА, у складзе якога ў 2008 годзе выйграў бронзу чэмпіянату і Кубак Беларусі – тады ў фінале мінчане пад кіраўніцтвам Юрыя Пунтуса ва ўпартай барацьбе перамаглі з лікам 2:1 БАТЭ Віктара Ганчарэнкі. А ў 2009-м Бардачоў перайшоў у стан „жоўта-сініх” і выступаў за каманду па сярэдзіну сезона-2013. За гэты перыяд флангавы гулец стаў пяціразовым чэмпіёнам Беларусі і чатыры разы ўключаўся ў спіс 22 лепшых гульцоў чэмпіянату, а таксама выйграў Кубак краіны 2010. Таксама Бардачоў гуляў у Расіі за „Томь”, „Растоў” ды „Арэнбург”, пазней быў слабы адрэзак у салігорскім „Шахцёры” і пераезд у „Тарпеда” -БелАЗ да Юрыя Пунтуса. Ён не толькі дапамог тарпедаўцам ўпершыню ў гісторыі заваяваць медалі, але і быў прызнаны лепшым абаронцам па выніках чэмпіянату-2020 і зноў атрымаў запрашэнне ў нацыянальную зборную, за якую згуляў у 52 матчах.

„Шахцёр” згуляе супраць „Фолы”

Салігорскі „Шахцёр” напярэдадні прыляцеў у Венгрыю, дзе заўтра правядзе першы матч другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі канферэнцый супраць „Фолы” з Люксембурга. Каманда прызямлілася ў Дэбрэцэне. Да Мішкальца, дзе і адбудзецца матч, „Шахцёр” дабіраўся аўтобусам. Гульня пачнецца ў 22.30 па беларускім часе.

Легенды „Барселоны” прайгралі „Рэалу” ў выставачным матчы ў Тэль-Авіве

Легенды „Барселоны” і „Рэала” правялі выставачны матч у Ізраілі на стадыёне „Блумфілд”. Сустрэча завяршылася з лікам 3:2 на карысць мадрыдцаў. У складзе пераможцаў вызначыліся Пэдра Муніціс, Альфонса Перэс і Рубен дэ ла Рэд. У каталонцаў вызначыліся Раналдзіньё і Хофрэ.