Беларускія баскетбалісты разграмілі албанцаў у кваліфікацыі чэмпіянату свету



Баскетбалісты зборнай Беларусі святкавалі трэцюю вікторыю запар на першым кваліфікацыйным этапе чэмпіянату свету 2023 года. У партугальскім Матазіньюшэ ў паядынку трэцяга тура адборавай групы А беларусы абыгралі каманду Албаніі  90:50. Толькі ў самым пачатку гульні албанцы некалькі разоў вырываліся наперад, але потым падначаленыя Расціслава Вяргуна цалкам завалодалі ініцыятывай і ўпэўнена выйгралі з перавагай у 40 балаў. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Арцём Парахоўскі, які набраў 17 ачкоў. У суботу беларускія баскетбалісты сустрэнуцца з камандай Кіпра.

 Менскае «Дынама» выйграла ў «Віцязя» ў авертайме

Менскае „Дынама” выйграла ў авертайме ў падольскага «Віцязя» з лікам 4:3. Менчукі адкрылі лік на 12-й хвіліне, калі адзначыўся Раян Спунэр. У сярэдзіне другога перыяду Каспарс Даугавіньш зраўняў лік, але яшчэ да перапынку Ягор Шаранговіч зноў вывеў менчукоў наперад. Трэці перыяд пачаўся для «зуброў» няўдала. Арцём Бародкін і Маціяс Тэдэнбю засмуцілі брамніка Дамініка Фурха і да 57-й хвіліны «Віцязь» вёў у ліку. Тым не менш, менчукі змаглі выратаваць матч. Раян Спунэр аформіў дубль, а ў авертайме перамогу камандзе прынёс Раман Гарбуноў.

ЦСКА ў большасці згуляў унічыю з „Феенордам”

У матчы групавога этапу Лігі Еўропы маскоўскі ЦСКА пад кіраўніцтвам беларуса Віктара Ганчарэнкі згуляў унічыю з  нідэрландскім „Фейеноордом” 0:0.  Расейскі клуб з пачатку другога тайма гуляў у большасці. У другім тайме ў гульню ўступіў беларускі форвард гаспадароў Ілля Шкурын. І на 63-й хвіліне ён адправіў мяч у браму гасцей. Суддзя адмяніў гол з-за афсайду. ЦСКА займае чацвёртае месца ў турнірнай табліцы групы K, набраўшы 3 ачкі ў чатырох матчах. „Феенорд” мае 5 ачкоў і размяшчаецца на другім месцы. „Мольдэ” на сваім полі саступіў лонданскаму „Арсеналу” з лікам 0:3. „Арсенал” набраў 12 ачкоў і займае першае месца ў турнірнай табліцы групы B. Афінскі АЕК прайграў луганскай „Зарэ” з лікам 0:3. „Зара”, набраўшы тры ачкі, займае апошняе месца ў табліцы групы.

Беларускія баксёры сталі пераможцамі міжнароднага турніру памяці Віктара Лівенцава

Беларускія баксёры сталі пераможцамі міжнароднага турніру памяці Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава, які праходзіў у фармаце матчавай сустрэчы на рынгу сталічнага Палаца спорту. У заключны дзень спаборніцтваў перамог дамагліся Галіна Бруевіч (57 кг), Вікторыя Тэліман (60 кг), Аліна Вэбер (69 кг), Дзмітрый Асанаў (63 кг) і Яўген Макарэвіч (69 кг). Дзякуючы гэтым поспехам падначаленыя Сяргея Асанава набралі 60 ачкоў у камандным заліку і сталі ўладальнікамі галоўнага прыза спаборніцтваў. Другое месца з 46 пунктамі заняла дружына Украіны. Каманды Францыі і Іспаніі падзялілі трэцяе месца па выніках спаборніцтваў    

Беларускае Радыё Рацыя