Беларускія батутысты выйгралі золата і срэбра ЧЕ ў Сочы
Беларускія батутысты выйгралі золата і срэбра чэмпіянату Еўропы ў індывідуальных спаборніцтвах у Сочы. Залатую ўзнагароду кантынентальнага форуму выйграў Алег Рабцаў. Срэбра на рахунку Уладзіслава Ганчарова. У стартах жанчын беларуска Паліна Шадзько заняла сёмы радок выніковага пратаколу. Раней беларусы Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў выйгралі золата чэмпіянату Еўропы ў сінхронных скачках. Акрамя таго, Іван Літвіновіч, Алег Рабцаў, Уладзіслаў Ганчароў і Аляксей Дудараў першынствавалі ў камандным турніры. У спаборніцтвах жанчын срэбраныя ўзнагароды выйгралі Кацярына Яршова, Таццяна Пятрэня, Вікторыя Куйдан і Паліна Шадзько ў камандным турніры, а таксама Кацярына Яршова і Вікторыя Куйдан у сінхронных скачках.
Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Мадрыдзе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйграла другі матч на турніры катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 2,5 мільёна еўра. У матчы другога раўнду беларуска абыграла ў двух сэтах расейскую тэнісістку Дар’ю Касаткіну – 6:3, 6:3. Паядынак доўжыўся 1 гадзіну 20 хвілін. 15-я ракетка свету Вікторыя Азаранка знялася з турніру ў Мадрыдзе з-за траўмы паясніцы. У нядзелю Азаранка павінна была згуляць другі матч супраць Джэсікі Пегулы. Цяпер амерыканка сустрэнецца ў трэцім раўндзе з Арынай Сабаленкай.
«Зеніт», «Інтэр» і «Аякс» сталі чэмпіёнамі
У выходныя вызначыліся чэмпіёны Расеі, Італіі і Нідэрландаў па футболе. Піцерскі „Зеніт” у трэці раз запар стаў чэмпіёнам Расеі. У матчы 28-га тура лідары расейскай прэм’ер-лігі разграмілі ў Санкт-Пецярбургу свайго галоўнага канкурэнта маскоўскі „Лакаматыў” з лікам 6:1. Хет-трык у гэтай сустрэчы аформіў лепшы бамбардзір расейскага першынства Сердар Азмун, дубль у актыве Арцёма Дзюбы. Беларускі нападнік „Лакаматыва” Віталь Лісаковіч выйшаў на замену на 58-й хвіліне гульні. „Сасуола” згуляў унічыю з „Аталантай” ў матчы 34-га тура чэмпіянату Італіі – 1:1. „Аталанта” з 69 ачкамі ідзе другой у турнірнай табліцы. Клуб з Бергама страціў матэматычныя шанцы дагнаць міланскі „Інтэр”, які займае першае месца з 82 баламі. „Нерадзуры” датэрмінова сталі чэмпіёнамі. Апошні раз „Інтэр” браў трафей у сезоне-2009/10. „Аякс” датэрмінова стаў чэмпіёнам Нідэрландаў. У 31-м туры клуб з Амстэрдама буйна выйграў у „Эмена” 4:0 і забяспечыў сабе перамогу па выніках сезона. У ПСВ, які ішоў другім, няма матэматычных шанцаў дагнаць „Аякс” за тры туры да канца чэмпіянату. „Аякс”, такім чынам, у 35-ы раз стаў чэмпіёнам Нідэрландаў, што з’яўляецца рэкордам.
„Тотэнхэм” разграміў „Шэфілд” ў матчы 34-га тура чэмпіянату Англіі – 4:0. Хет-трыкам адзначыўся Гарэт Бейл.
Матч паміж „Манчэстар Юнайтэд” і „Ліверпулем» у 34-м туры АПЛ перанесены на нявызначаны тэрмін. За пару гадзін да пачатку гульні пратэстуючыя супраць сям’і Глэйзер фанаты «Юнайтэд» прарваліся на «Олд Трафард».
«Барселона» перамагла «Валенсію» 3:2 дзякуючы дублю Месі і набраўшы 74 ачкі, займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Іспаніі.
Льюіс Хэмілтан стаў пераможцам „Гран-пры Партугаліі”
Брытанец Льюіс Хэмілтан з каманды „Мэрсэдэс” стаў пераможцам „Гран-пры Партугаліі Формулы 1. Гэта 97-я перамога ў кар’еры пілота. Другім стаў Макс Ферстапен з каманды „Рэд Бул”, трэцім – Валтэры Ботас з „Мэрсэдэс”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя