Беларускія біятланісткі 5-ыя ў першай эстафеце сезона
Паспяхова выступілі беларускія біятланісткі на першай эстафеце Кубку свету, якая прайшла ў аўстрыйскім Хохфільцэне.
Нагадаем, што перад пачаткам сезону завяршылі выступы ў вялікім спорце Дар’я Домрачава і Надзея Скардзіна – прымы айчыннага біятлону. У такой сітуацыі 5-е месца ў эстафетнай гонцы і траплянне ў пяцёрку мацнейшых – безумоўны поспех.
За Беларусь 16 снежня выступалі Дзінара Алімбекова, Ірына Крыўко, Ганна Сола і натуралізаваная нядаўна расейка Ірына Кручынкіна.
Алімбекава і Крыўко, якія былі ў залатой беларускай эстафеце на алімпіядзе ў Пхенчхане, прайшлі першыя два этапы „пад нуль”. Так што Ганна Сола на пэўным адрэзку апынулася нават у лідарах гонкі. На стойцы ёй спатрэбіўся адзін дадатковы патрон. Але ўжо пры перадачы эстафеты на апошнім этапе стала зразумела, што вышэй 4-га месца Беларусі ў гэта дзень не ўзняцца.
На фінішы гонкі Кручынкіна ў выніку была пятай. Беларускі трапілі ў кветкавую цырымонію.
Першае месца заваявала дружына Італіі. Дзякуючы найперш фантастычнай хуткасці на трэцім этапе іх лідаркі Даратэі Вірэр. Іншыя медалі на самым фінішы разыгралі Швецыя з Францыяй, скандынаўская біятланістка спуртам вырвала срэбра, бронза ў Францыі.
Беларускае Радыё Рацыя