Беларускія біятланісты – 9-ыя ў эстафеце чэмпіянату свету



Сімона Халеп знялася з турніру ВТА ў Досе, месца другой сеянай ў сетцы зойме Сабаленка

Другая ракетка свету Сімона Халеп знялася з турніру ў Досе, які пройдзе на наступным тыдні. У мінулым годзе румынка на гэтым турніры гуляла ў фінале. Месца Халеп ў сетцы заняла беларуска Арына Сабаленка (N 13 ВТА), яна пачне спаборніцтвы з другога круга.

У вырашальным раўндзе кваліфікацыі ў асноўную секту турніру ВТА ў Досе беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (N 114 ВТА) саступіла расейцы Дар’і Касаткінай (71) з лікам 7:5, 1:6, 1:6.

Біятланісткі Нарвегіі выйгралі эстафету на чэмпіянаце свету ў Антхольцы

Біятланісткі зборнай Нарвегіі выйгралі эстафетную гонку 4х6 км на чэмпіянаце свету ў італьянскім Антхольцы. Беларускі занялі 13-е месца. Срэбра заваявала зборная Германіі, якая адстала ад пераможцаў на 10,7 сек. (0+9), бронзавымі прызёрамі з адставаннем 18,4 сек. (0+8) сталі біятланісткі Украіны. Беларускі квартэт з кругам штрафу фінішаваў на 13-й пазіцыі.

У аналагічнай эстафеце мужчын першынствавалі французы, другімі сталі нарвежцы, трэцімі – немцы. Беларускія біятланісты занялі 9-е месца. Усяго стартавала 27 каманд.

Беларуская фрыстайлістка Валерыя Балматава прабілася ў фінал этапу КС у „Раўбічах”

Беларуская фрыстайлістка Валерыя Балматава прабілася ў фінал этапу Кубка свету па лыжнай акрабатыцы, які праходзіць у „Раўбічах”. Пропускам ў наступную стадыю спаборніцтваў для беларускі стала 12-е месца. Беларускі Сняжана Драбенкова і Ганна Дзяруга завяршылі выступленне на 18-м і 19-м радках. Лідарства захапіла кітаянка Фаню Конг. На другой пазіцыі расейка Любоў Нікіціна. Замыкае тройку наймацнейшых аўстралійка Лора Піл.

Беларускі гімнаст Ягор Шрамко заняў 4-е месца на этапе КС у Мельбурне

Беларускі спартовец Ягор Шрамко заняў 4-е месца на этапе Кубка свету па спартовай гімнастыцы, які праходзіць у аўстралійскім Мельбурне. Прабіўшыся ў фінальную стадыю спаборніцтваў у вольных практыкаваннях, Ягор Шрамко не дапусціў сур’ёзных памылак, але гэтага аказалася недастаткова, каб заняць месца на п’едэстале. Бронзу выйграў атлет з Казахстана Мілад Карымі (14,200). Серабро ў расейца Кірыла Пракоп’ева. Золата заваяваў прадстаўнік Рэспублікі Карэя Сун Х’юн Ру.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя