Беларускія футбалісткі прайгралі валійкам у адборы да Еўра-2021
Футбалісткі зборнай Беларусі ў хатняй сустрэчы адборавага турніру чэмпіянату Еўропы – 2021 пацярпелі паразу ад зборнай Уэльса з лікам 0:1.
Матч праходзіў у роўнай барацьбе, беларускі практычна ні ў чым не саступалі суперніцам. Але ў выніку пасля кутавога паўабаронца Рэйчэл Роў прынесла перамогу валійкам. Спробы гаспадынь поля адыграцца ні да чаго не прывялі.
Энрат не дапаможа «зубрам» у гасцявой серыі
Трэнерскі штаб менскага „Дынама” апублікаваў імёны хакеістаў, якія адправяцца на выязную серыю матчаў чэмпіянату КХЛ. У гэтым спісе адсутнічае шведскі галкіпер Юнас Энрат, паведамляе афіцыйны сайт хакейнага клуба. У спіс траўмаваных ўнесены Мікіта Феактыстаў, Аляксандр Паўловіч, Павел Дзянісаў і Сяргей Касціцын. Знаходзяцца ў фарм-клубах Іван Драздоў, Дзмітрый Жалняроўскі, Мікалай Сыты і Ілля Літвінаў. Яшчэ два гульцы – Міхаіл Стэфановіч і Арцём Аносаў – не паехалі ў Рыгу, але далучацца да каманды ў Хельсінкі. „Зубрам” трэба будзе сёння згуляць на выездзе з аднаклубнікамі з Рыгі, фінскім „Йокерытам” 11 кастрычніка і падмаскоўным „Віцязем” 13 кастрычніка. Менскае „Дынама” займае сёмае месца ў Заходняй канферэнцыі з 15 баламі пасля 14 гульняў.
БГК абыграў «Еўрафарм» у SEHA-лізе
Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова святкаваў другую перамогу ў новым сезоне SEHA-лігі. У матчы 5-га тура папярэдняй групы В чэмпіёны Беларусі гулялі з паўночнамакедонскім „Еўрафармам” на хатняй пляцоўцы спарткомплексу „Вікторыя” і перамаглі з лікам 31:22. У сваёй групе БГК займае трэцяе месца, у лідара вугорскага «Веспрэма» на 6 ачкоў больш.
Венгер можа ўзначаліць «Ліён»
Былы галоўны трэнер „Арсенала” Арсэн Венгер гатовы ўзначаліць „Ліён”, паведамляе ESPN. Цяпер ён чакае прапановы ад кіраўніцтва клуба. Француз кіраваў „Арсеналам” з 1996 па 2018 гады. Сілвінью быў звольнены з пасады галоўнага трэнера „Ліёна” пасля паразы ад „Сэнт-Эцьена” з лікам 0:1 у 9-м туры чэмпіянату Францыі. „Ліён” з дзевяццю ачкамі займае 14-е месца.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: АБФФ