Беларускія футбалісты згулялі ўнічыю c Літвой у Лізе нацый



Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі згулялі ўнічыю з камандай Літвы ў матчы групавога этапу Лігі нацый УЕФА.

У паядынку трэцяга тура 4-й групы лігі С у Вільні падначаленыя Міхаіла Мархеля прапусцілі мяч ужо на 7-й хвіліне, калі дакладны ўдар з-за межаў штрафной плошчы нанёс былы гулец беластоцкай «Ягелоніі» Арвідас Навіковас. Апынуўшыся ў ролі даганяючых, беларусы зайгралі больш актыўна і ў пачатку другога тайма зарабілі пенальці, які рэалізаваў Віталь Лісаковіч. Праз сем хвілін Аляксандр Сачыўка вывеў беларусаў наперад, замкнуўшы падачу Лісаковіча, а на 75-й хвіліне Караліс Лаукжаміс усталяваў канчатковы лік гульні — 2:2. У іншым паядынку трэцяга тура футбалісты Казахстана ў Алматы разышліся мірам з албанцамі – 0:0.

Польшча і Італія згулялі ўнічыю ў Лізе нацый

Зборная Польшчы на сваім полі згуляла ўнічыю з нацыянальнай камандай Італіі з лікам 0:0. Сустрэча адбылася ў Гданьску. Зборная Італіі ў тры разы перасягнула польскую нацыянальную каманду па ліку ўдараў па браме (15 супраць 5). Зрэшты, дакладна каманды прабілі па тры разы. Італія, набраўшы пяць ачкоў, займае першае месца ў турнірнай табліцы групы 1 Лігі А. Польшча мае 4 ачкі і на 3-м месцы. У наступным туры Італія на сваім полі згуляе з Нідэрландамі, а Польшча на хатняй арэне згуляе з Босніяй. Матчы адбудуцца 14 кастрычніка.

Хакеісты менскага „Дынама” адолелі рыжскіх аднаклубнікаў

Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі рыжскіх аднаклубнікаў у матчы чэмпіянату КХЛ. Сустрэча завяршылася па булітах з лікам 4:3. На 10-й хвіліне сустрэчы Аляксей Протас адкрыў лік. Праз пяць хвілін Зак Мітчэл рэалізаваў большасць сваёй каманды. Да перапынку лік не змяніўся, але ў другой траціне паядынку каманды зноў абмяняліся закінутымі шайбамі. Спачатку на 31-й хвіліне Дзмітрый Буйніцкі вывеў „зуброў” наперад, а на 36-й хвіліне гулец рыжскага „Дынама” Зак Мітчэл аформіў дубль. У трэцім перыядзе адно з выдаленняў прывяло да закінутай шайбы ў брамку Іллі Праскуракова. Вызначыўся Ягор Шаранговіч. На жаль, на гэтым каманды не спыніліся. Рыжанін Зак Мітчэл да двух шайбаў дадаў перадачу на Канстанціна Камарэка. Больш у асноўны час матчу аматары хакея закінутых шайбаў не ўбачылі. У серыі булітаў пераможную шайбу закінуў Роб Клінкхамер. Наступны матч менскае „Дынама” правядзе 16 кастрычніка. Хатняя серыя „зуброў” працягнецца паядынкам з яраслаўскім „Лакаматывам”, з якім працуе беларускі спецыяліст Андрэй Скабелка.

Алена Фурман і Анастасія Яніна занялі чацвёртае месца на ЧЕ па акадэмічным веславанні ў Польшчы

Беларускі Алена Фурман і Анастасія Яніна занялі чацвёртае месца на ЧЕ па акадэмічным веславанні ў Польшчы. У вырашальным заездзе жаночых двоек ворных лёгкай вагі беларускі экіпаж паказаў на фінішы час 7 хвілін 00,880 секунды. Чэмпіёнкамі кантынента сталі Марыеке Кейсэр і Ільза Пауліс з Нідэрландаў – 6 хвілін 58,070 секунды. Чэмпіянат Еўропы па акадэмічным веславанні, які праходзіў на возеры Мальта, сабраў у Познані каля 600 лепшых весляроў з 31-й краіны. У медальным заліку першынствавала дружына Нідэрландаў, на рахунку якой 11 медалёў.

Рафаэль Надаль у 13 раз выйграў адкрыты чэмпіянат Францыі па тэнісе

Іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль у 13 раз стаў пераможцам адкрытага чэмпіянату Францыі. У вырашальным матчы іспанец, які займае другое месца ў сусветным рэйтынгу, абыграў у трох сэтах першую ракетку планеты сербскага тэнісіста Новака Джокавіча – 6:0, 6:2, 7:5. Паядынак двух лідараў сусветнага тэніса працягваўся 2 гадзіны 43 хвіліны. Для 34-гадовага Рафаэля Надаля цяперашні фінал на парыжскіх кортах „Ралан Гарос” стаў трынаццатым, прычым усе вырашальныя паядынкі ён выйграў. Новак Джокавіч у пяты раз гуляў у фінале French Open, але толькі аднойчы, у 2016 годзе, ён стаў пераможцам, у фінале-2012 серб таксама прайграў Рафаэлю Надалю. Цяпер у паслужным спісе іспанца стала 20 чэмпіёнскіх тытулаў на турнірах серыі „Вялікага шлема”.

Льюіс Хэмілтан паўтарыў рэкорд Міхаэля Шумахера

Брытанскі пілот „Мерсэдэса” Льюіс Хэмілтан стаў пераможцам 11-га этапу (Гран-пры Айфеля) чэмпіянату свету па аўтагонках у класе машын „Формула-1”, які завяршыўся на нямецкім „Нюрбургрынгу”. Для 35-гадовага брытанца гэта 91-я перамога ў кар’еры (столькі ж на рахунку сяміразовага чэмпіёна „Формулы-1” Міхаэля Шумахера). Ён лідыруе ў чэмпіянаце, святкаваўшы перамогі на шасці этапах, і з’яўляецца галоўным прэтэндэнтам на тытул чэмпіёна свету. Калі яму атрымаецца адсвяткаваць вікторыю па выніках спаборніцтваў, то ён дагоніць легендарнага немца яшчэ і па колькасці тытулаў пераможцы ў самай прэстыжнай гоначнай серыі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: interfax.by