Беларускія футбалісты згулялі ўнічыю з румынамі
Беларускія футбалісты другі раз згулялі ўнічыю ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2024 года. У матчы 7-га тура беларусы ў намінальна хатнім паядынку ў Будапешце разышліся мірам з камандай Румыніі – 0:0. На пачатку сустрэчы беларускія футбалісты мелі невялікую перавагу, але потым румыны перахапілі ініцыятыву. Яны стварылі некалькі небяспечных сітуацый ля брамы Сяргея Ігнатовіча, але перайграць галкіпера не змаглі. Пасля перапынку гульня ішла ў тым жа ключы, і зноў нікому з супернікаў не ўдалося вызначыцца. Свой наступны матч беларусы правядуць 15 кастрычніка ў Санкт-Галене супраць зборнай Швейцарыі. У гэты ж дзень у Бухарэсце румыны прымуць андорцаў. Матч Косава – Ізраіль перанесены.
Зборная Польшчы перамагла ў першым жа матчы пасля звальнення Сантуша
У Торсхаўне завяршыўся матч кваліфікацыі Еўра-2024, у якім зборная Фарэрскіх выспаў прымала каманду Польшчы. Госці адзначыліся хуткім голам аўтарства Себасцьяна Шыманьскага. У другой палове Польшча падвоіла перавагу, гол у свой актыў запісаў Адам Букса. У далейшым лік у гульні не мяняўся. Такім чынам, Польшча перамагла з лікам 2:0. Гэта быў першы матч „кадры” пасля звальнення Фернанду Сантуша і першая перамога на гэтай пасадзе Міхала Пробежа.
„Гомель” абыграў „Лакаматыў” у матчы чэмпіянату краіны па хакеі
Паядынкам „Гомеля” і аршанскага „Лакаматыва” завяршылася гульнявая праграма чацвярга ў беларускай хакейнай экстралізе.
Гэтая сустрэча нездарма была вынесена на больш позні час у параўнанні з іншымі матчамі дня: адносіны высвятлялі каманды з верхняй паловы табліцы, да таго ж мінулы паядынак супернікаў у аўторак скончыўся з лікам 4:3 і толькі ў серыі булітаў. Паўторная сустрэча „рысяў” і „чыгуначнікаў”, нажаль, такім жа сцэнаром не абзавялася. Калі стартавы перыяд скончыўся з мінімальнай перавагай „Гомеля”, то ўжо да сярэдзіны наступнай трэці на табло гарэлі лічбы 3:0. Неўзабаве хакеісты „Лакаматыва” адквіталі адзін гол, але гэтая шайба так і засталася для гасцей адзінай. У заключнай 20-хвілінцы форвард „рысей” Ягор Феафанаў аформіў дубль, усталяваўшы тым самым канчатковы лік – 4:1 на карысць „Гомеля”.
Раней „Хімік” у гасцях нечакана буйна абыграў „Шахцёр” 5:2, а „Магілёў” нанёс паразу „Металургу” 6:5.
Хакеісты менскага „Дынама” працягнуць выязную серыю матчам супраць СКА
Хакеісты менскага „Дынама” працягнуць чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі.
Другі паядынак у гасцявым турнэ падначаленыя Дзмітрыя Квартальнага правядуць у Санкт-Пецярбургу, дзе беларускую каманду прыме мясцовы СКА. Менчане падыходзяць да гэтай сустрэчы з чатырма перамогамі запар, падчас гэтай серыі „зубры” абыгралі „Барыс” 3:0, „Лакаматыў” 3:2 і „Куньлунь” 4:0, а таксама 4 кастрычніка нанеслі паразу і сваім сённяшнім супернікам – 4:2. Пасля 15 матчаў рэгулярнага чэмпіянату „Дынама” з 18 ачкамі займае 6-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ. Паядынак „зуброў” і „армейцаў” стартуе ў Лядовым палацы Санкт-Пецярбурга ў 19.30.
Беларускае Радыё Рацыя