Беларускія гандбалісткі не патрапілі на чэмпіянат свету



Гандбалісткі жаночай зборнай Беларусі не змаглі прабіцца ў фінальную стадыю чэмпіянату свету. Пасля паразы ад чарнагорак у Падгорыцы з лікам 23:29 беларускам на паркеце менскай „Чыжоўка-Арэны” трэба было выйграць з перавагай не менш за 7 мячоў. Аднак гэтага не адбылося: зборная Чарнагорыі зноў апынулася мацней – 26:24. Сама выніковай у складзе гаспадароў стала Настасся Кулак, якая закінула восем мячоў.

Арыян Цютрын заняў пятае месца на ЧЕ па вольнай барацьбе ў Польшчы

Беларускі барэц вольнага стылю Арыян Цютрын, які выступае ў вагавай катэгорыі 57 кг, заняў пятае месца на чэмпіянаце Еўропы ў Варшаве. У першым паядынку беларускі спартовец прайграў Начыну Мангушу з Расеі. Паколькі яго крыўдзіцель выйшаў у фінал, па рэгламенце турніру Цютрын атрымаў права на ўдзел у суцяшальным раўндзе і ўпэўнена перамог суперніка з Італіі Гіві Давідові — 4:0. Сутычка за бронзу спачатку складвалася па сцэнары атлета з Беларусі, які павёў у паядынку з азербайджанцам Афганам Хашалавым з лікам 2:0. Але менш чым за хвіліну да фінальнага свістка Цютрын прапусціў атаку суперніка, які зраўняў лік і паводле правіла апошняга дзеяння святкаваў перамогу.

Герасімаў завяршыў выступы на турніры ў Барселоне

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў завяршыў выступы на турніры катэгорыі АТР 500 у іспанскай Барселоне з прызавым фондам 1,5 млн еўра. У другім раўндзе беларус саступіў італьянцу Яніку Сінэру – 3:6, 2:6.

Яшчэ адзін беларус Ілья Івашка ў матчы за выхад у 1/8 фіналу сустрэнецца сёння з трэцяй ракеткай планеты Рафаэлем Надалем, які з’яўляецца 11-разовым пераможцам барселонскага турніру.

Прынс, Міцкевіч і Кавыршын далучыліся да зборнай Беларусі

Абаронца Мікіта Міцкевіч, а таксама нападнікі Яўген Кавыршын і Шэйн Прынс далучыліся да зборнай Беларусі, якая рыхтуецца да чэмпіянату свету па хакеі. Мікіта Міцкевіч і Яўген Кавыршын у мінулым сезоне сталі чэмпіёнамі Беларусі ў складзе мінскага „Юнацтва”. На рахунку Міцкевіча 5 (1 + 4) ачкоў у 35 матчах рэгуляркі экстралігі „А” і 1 (0 + 1) бал у 7 гульнях плэй-оф. Кавыршын набраў 24 (7 + 17) ачкі ў 38 сустрэчах у рэгулярным чэмпіянаце і 6 (3 + 3) балаў у 13 паядынках накаўт-раўнда.

Шэйн Прынс стаў лепшым бамбардзірам мінскага „Дынама” у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ – 49 (25 + 24) ачкоў у 52 матчах і другім па выніковасці ў „зуброў” у Кубку Гагарына – 6 (1 + 5) балаў у 5 паядынках у серыі з піцерскім СКА. Напярэдадні стала вядома пра тое, што з-за траўмы на чэмпіянаце свету ў Рызе за зборную Беларусі не згуляе форвард „Северсталі” Уладзіслаў Кадола, паведамляе hockey.by.

Хакеісты ЦСКА параўнялі лік у фінальнай серыі Кубка Гагарына

Хакеісты маскоўскага ЦСКА абыгралі омскі „Авангард” – 3:0 у другім фінале Кубка Гагарына і зраўнялі лік у серыі 1:1. Беларускі форвард омскага „Авангарда” Андрэй Стаcь стаў 11-м гульцом у гісторыі КХЛ, які правёў 700 або больш матчаў у Лізе. Трэці матч фіналу плэй-оф КХЛ пройдзе ў чацвер у Балашысе.

СМІ паведамляюць пра выхад некалькіх клубаў з Суперлігі

Футбольны клуб «Чэлсі» рыхтуе дакументы для выхаду са стваранай топ-клубамі Еўропы Суперлігі. Пазней з’явілася інфармацыя аб тым, што шэраг іншых клубаў рушылі ўслед гэтаму прыкладу, у тым ліку «Манчэстар Сіці». А іспанскія СМІ сцвярджаюць, што ўслед за імі рушыць услед і «Атлетыка» (пазней гэтую інфармацыю абверглі). Стварэнне Суперлігі жорстка раскрытыкавалі ўсе нацыянальныя лігі, іншыя футбольныя клубы, а таксама заўзятары гэтых 12 каманд.

Беларускае Радыё Рацыя