Беларускія гандбалісткі згулялі ўнічыю з немкамі ў матчы кваліфікацыі ЧЕ-2022
Беларускія гандбалісткі згулялі ўнічыю з суперніцамі з Германіі ў матчы кваліфікацыі ЧЕ-2022. Гульня завяршылася з лікам 24:24. Самай выніковай у складзе зборнай Беларусі стала Наталля Васілеўская. На яе рахунку пяць галоў. Наступны матч адбору на чэмпіянат Еўропы-2022 беларускі правядуць другога сакавіка супраць дружыны Грецыі.
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” прайгралі „Парме”
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” зноў саступілі ў матчы Адзінай лігі ВТБ. Сваю трэцюю паразу запар менчукі пацярпелі ў Менску, саступіўшы пермскай „Парме” 75:78. Лепшым снайперам у складзе беларускага клуба стаў Яўген Белянкоў, які набраў 20 ачкоў. У трох праведзеных сустрэчах падначаленыя Расціслава Вергуна яшчэ ні разу не выйгравалі і займаюць 11-е месца ў турнірнай табліцы. Тройку лідараў складаюць ЦСКА, „Унікс” і „Астана”. Свой наступны паядынак „Цмокi” правядуць 16 кастрычніка ў Саратаве супраць мясцовага „Аўтадора”.
Беларускія весляры выйгралі чатыры медалі
Чатыры медалі рознай вартасці выйгралі беларускія спартоўцы на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў па акадэмічным веславанні ў нямецкім Обершлайсхайме. Найлепшага выніку дамогся экіпаж жаночай васьмёркі з рулявой. Карына Мінкова, Вераніка Анацка, Мілана Дарахавец, Паліна Залатарова, Аліна Савіцкая, Кіра Каваленка, Таццяна Губар, Ульяна Багрова і рулявая Крысціна Іванова правялі вырашальную гонку ад пачатку і да канца ў ліку лідараў і „прывезлі” сваім бліжэйшым канкурэнткам з Румыніі на фінішы амаль паўкорпуса лодкі
Зборная Францыі па футболе выйграла Лігу Нацый
Зборная Францыі па футболе выйграла фінал Лігі Нацый, абыграўшы ў вырашальным паядынку сапернікаў з Іспаніі. Каманда Дыдзье Дэшама святкавала валявую перамогу з лікам 2:1. У першым тайме абедзве каманды не стварылі шмат небяспечных момантаў. Французы не сталі перашкаджаць іспанцам узяць мяч пад кантроль. На 41-й хвіліне сустрэчы французы страцілі Рафаэля Варана, які траўмаваўся. На 64 хвіліне Мікель Оярсабаль праціснуў Упамекана і адправіў мяч у правы кут брамы Уга Льёрыса. Французы актывізаваліся і зраўнялі лік на 66-й хвіліне. Карым Бензема пасля паса Кіліана Мбапэ забіў гол выдатным ударам з кута штрафной. А на 80-й хвіліне здарылася развязка. Мбапэ прыняў мяч на лініі афсайду, абыграў галкіпера іспанцаў і паслаў мяч у пустую браму. У матчы за бронзавыя медалі турніру, які адбыўся ў Турыне, зборная Італіі перамагла бельгійцаў з лікам 2:1. На 46-й хвіліне каманду Італіі вывеў наперад Мікола Барэла. Другое ўзяцце брамы Цібо Куртуа здарылася на 65-й хвіліне. Пасля парушэння на Федэрыка К’еза суддзя паставіў мяч на кропку. Удар Берарда атрымаўся вельмі моцным. У канцоўцы паядынку Шарль Дэ Кетэларэ з перадачы Кевіна Дэ Бройнэ скараціў розніцу ў ліку. На большае бельгійцаў не хапіла і перамогу святкавала скуадра адзура.
Вікторыя Сафонава заняла восьмае месца на турніры серыі „Чэленджэр”
Фігурыстка з Беларусі Вікторыя Сафонава заняла восьмае месца на турніры серыі „Чэленджэр” Finlandia Trophy у Эспоо. За свой выступ па суме адвольнай і кароткай праграм беларуская спартоўка атрымала ў суме ацэнку 187,83 бала. Пераможцай стала расіянка Каміла Валіева.
Кірыл Маскевіч заваяваў срэбра Чэмпіяната свету па грэка-рымскай барацьбе ў Нарвегіі
Беларускі атлет Кірыл Маскевіч у вазе 87 кг заваяваў срэбра чэмпіянату свету па грэка-рымскай барацьбе, які завяршыўся ў Осла. У фінале спартовец з Барысава змагаўся з прадстаўніком Сербіі Зурбі Датунашвілі і саступіў з лікам 1:9.
Ф’юры абараніў тытул чэмпіёна свету па версіі WBC
Брытанскі баксёр Тайсан Ф’юры выйграў бой у Дэантэя Уайлдара і абараніў тытул чэмпіёна свету па версіі WBC. Бой прайшоў у рамках вечара прафесійнага бокса ў Лас-Вегасе (на арэне „Ці-Мабайл”. Гэта была трэцяя сустрэча атлетаў, якая скончылася накаўтам у 11-м раўндзе. Брытанец абараніў тытул чэмпіёна свету. Бой атрымаўся вельмі відовішчным. Спачатку ў трэцім раўндзе Уайлдэр пабываў у накдаўне. Затым двойчы на насціл рынга ледзь не адправіўся Тайсан Ф’юры. Але паступова брытанец нарасціў сваю перавагу: у 11-м раўндзе ён прыціснуў амерыканца да канатаў і нанёс серыю ўдараў. Праз некалькі секунд Уайлдэр быў пераможаны. Гэта была трэцяя сустрэча брытанскага і амерыканскага спартоўцаў. У першым проціборстве паміж баксёрамі ў снежні 2018 года суддзі зафіксавалі нічыю. У другім баі, які прайшоў у лютым 2020 года, брытанец накаўтаваў суперніка і стаў уладальнікам чэмпіёнскага пояса WBC. Такім чынам, на рахунку Тайсана 32 паядынкі, у якіх здабытая 31 перамога 22 накаўтамі. Яшчэ адзін бой быў завершаны ўнічыю. У Уайлдара у паслужным спісе 45 баёў на прафесійным рынгу, 41 з іх завяршыўся перамогамі накаўтам. Адзін паядынак завяршыўся ўнічыю і два – паразамі. Абодва амерыканцу нанёс Тайсан Ф’юры.
Беларускае Радыё Рацыя