Беларускія гандбалісты абыгралі Паўночную Македонію і пакідаюць ЧC



Зборная Беларусі па гандболе завяршыла выступы на чэмпіянаце свету ў Егіпце. У сваім апошнім на турніры матчы беларусы абыгралі Паўночную Македонію — 30:26. Раней падначаленыя Юрыя Шаўцова згулялі на папярэднім раўндзе ўнічыю з расейцамі 32:32, перамаглі Паўднёвую Карэю 32:24 і прайгралі славенцам 25:29.На другім этапе Беларусь згуляла ўнічыю са шведамі 26:26 і саступіла Егіпту 26:35. Такім чынам, беларусы на другім этапе занялі пятае месца ў групе.

Зборная ФГР разгромна прайграла зборнай Швецыі ў матчы асноўнага этапу чэмпіянату свету – 20:34. Скандынавы выйшлі ў чвэрцьфінал турніру з першага месца ў групе. У выпадку перамогі ў наступную стадыю турніру з пула, дзе таксама выступала зборная Беларусі, прабіліся б расейцы.

Беларускія біятланісткі фінішавалі пятымі ў эстафеце

Беларускія біятланісткі занялі пятае месца ў эстафеце на этапе Кубка свету па біятлоне ў Антхольцы. Ірына Крыўко перадала эстафету 13-й, але адставанне ад топ-5 было невялікім. Дынара Алімбекава, Алена Кручынкіна і Ганна Сола якасна адпрацавалі свае этапы, асабліва моцна выглядалі на лыжні. Гэта дазволіла камандзе заняць пятае месца.

Беларускі абышліся без штрафных кругоў, выкарыстаўшы 14 дадатковых патронаў. Перамогу ж даволі нечакана святкавала зборная Расіі. Срэбра выйгралі немкі. Трэцімі фінішавалі францужанкі. Нарвежскі біятланіст Ёханэс Бё упэўнена перамог ў гонцы з масавым стартам, дапусціў толькі адзін промах і больш за паўхвіліны выйграў у француза Кент Фіён-Майі. Бронзавую ўзнагароду выйграў славенец Якаў Фак. Беларускія біятланісты ў мас-старт не адабраліся. У агульным заліку Ёханэс Бё ўпэўнена ўтрымлівае лідарства. Лепшы з беларусаў – Сяргей Бачарнікаў, які займае 27-е месца.

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” прайгралі „Калеву” у матчы Адзінай лігі ВТБ

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” саступілі талінскаму „Калеву” у матчы Адзінай лігі ВТБ. Сустрэча на хатняй арэне для падначаленых Расціслава Вергуна завяршылася з лікам 72:80. Самым выніковым у складзе мінчан стаў Андрэй Стаброўскі, які набраў 16 ачкоў. Мінскія „Цмокi” маюць у сваім актыве 14 балаў і знаходзяцца на 12-м месцы.

Два наступныя матчы „цмокі” таксама правядуць дома – 31 студзеня з «Уніксам» і 7 лютага з „Зенітам”.

Хакеісты „Гомеля” перамаглі „Юнацтва-Мінск”

Хакеісты „Гомеля” перамаглі „Юнацтва-Мінск” у матчы чэмпіянату Беларусі. Матч на лёдзе „Чыжоўка-Арэны” завяршыўся на карысць каманды Сяргея Стася з лікам 2:1. У яшчэ адным паядынку гульнявога дня гарадзенскі „Нёман” перамог хакейны клуб „Магілёў” з лікам 4:1. У пераможцаў вызначыліся Павел Пышчальнікаў, Уладзіслаў Міснікаў, Арцём Ляўша і Ягор Сцяпанаў.

Футбалісты салігорскага „Шахцёра” прайгралі „Зеніту” на зборы ў ААЭ

Чэмпіёны Беларусі футбалісты салігорскага „Шахцёра” няўдала правялі другі кантрольны матч на перадсезонным трэніровачным зборы ў ААЭ. У Дубаі падначаленыя Рамана Грыгарчука саступілі чэмпіёну Расеі „Зеніту” з Санкт-Пецярбурга з лікам 0:2. У першым тайме ў складзе зенітаўцаў вызначыліся Далер Кузяеў і Сердар Азмун. 27 студзеня футбалісты салігорскага клуба згуляюць з яшчэ адным фаварытам расійскага першынства „Краснадарам”, капітанам якога з’яўляецца беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч. Таксама віцэ-чэмпіён Беларусі барысаўскі БАТЭ перайграў у Менску футбалістаў „Іслачы” з лікам 4:3.

Алег Дулуб стаў галоўным трэнерам «Крумкачоў»

Алег Дулуб стаў галоўным трэнерам «НФК Крумкачы», паведамляецца на сайце клуба. Алег Анатольевіч ужо ўзначальваў каманду ў 2015 годзе, вывеўшы яе ў вышэйшую лігу. У гісторыі каманды супрацоўніцтва «крумкачоў» з гэтым трэнерам было самым яркім і плённым эпізодам за гады існавання клуба. Апошнім клубам, які трэніраваў Дулуб, быў БАТЭ. Гэта было ў 2018 годзе. Пасля гэтага спецыяліст заставаўся без трэнерскай працы, выступаючы экспертам на тэлебачанні.

Уругвайскі хаўбек Нікалас Кейрас знаходзіцца на праглядзе ў „Рухе”

Уругвайскі хаўбек Нікалас Кейрас знаходзіцца на праглядзе ў берасцейскім „Руху”. 24-гадовы паўабаронца прыняў удзел у спарынгу з „Крумкачамі”. Кейрас выступаў у чэмпіянаце Эквадора, дзе ў сезоне-2020 за клуб „Портав’еха” правёў 1 матч. Тым часам „Рух” збіраецца на перадсезонны збор у Турцыю. Пра гэта клубнай прэс-службе распавёў галоўны трэнер берасцейцаў Кірыл Альшэўскі. Рулявы назваў супернікаў клуба па спарынгах: запланаваны сустрэчы з львоўскім „Рухам”, „Кайратам” і камандамі з Украіны і Узбекістана. Мінспорту напярэдадні не ўзгадніла турэцкі збор БАТЭ, звязаўшы гэта са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце.

„Манчэстар Юнайтэд” вырваў перамогу ў гульні з „Ліверпулем” і прайшоў у 1/8 фіналу

„Манчэстар Юнайтэд” дамогся валявой перамогі над „Ліверпулем” у матчы 1/16 фіналу Кубка Англіі — 3:2. „МЮ” прабіўся ў наступную стадыю турніру, дзе пазмагаецца з „Вэст Хэмам”. «Баварыя» у гасцях разграміла «Шальке» з лікам 4:0 у чарговым матчы чэмпіянату Нямеччыны. Роберт Левандоўскі на 54-й хвіліне забіў свой 500 гол у кар’еры. „Атлетыка” перамог „Валенсію” у матчы 20-га тура чэмпіянату Іспаніі — 3:1 і з 47 ачкамі лідыруе ў турнірнай табліцы.

„Барселона” у выязным матчы ўзяла верх над „Эльчэ” — 2:0, дзякуючы галам Дэ Ёнга і Пуча. Каталонцы здабылі чацвёртую перамогу запар.

Беларускае Радыё Рацыя