Беларускія гандбалісты атрымалі права згуляць на ЧС-2021
Гандбалісты мужчынскай зборнай Беларусі атрымалі права выступіць у фінальнай стадыі чэмпіянату свету 2021 года. Такое рашэнне прыняў выканкам Еўрапейскай федэрацыі гандбола (ЕГФ), праца якога прайшла ў фармаце відэаканферэнцыі. У сувязі з пандэміяй каранавіруса ЕГФ вырашыла адмяніць правядзенне матчаў плэй-оф да сусветнага першынства, якія былі запланаваны на лета бягучага года. Каманда Юрыя Шаўцова за выхад на ЧС-2021 павінна была паспрачацца з пераможцам пары Польшча – Літва. Акрамя беларусаў пуцёўкі ў фінальную частку планетарнага форуму атрымалі каманды Нямеччыны, Вугоршчыны, Аўстрыі, Швецыі, Францыі, Славеніі, Партугаліі, Чэхіі і Ісландыі. Раней права згуляць у фінале ЧС ад Еўропы заваявалі гандбалісты Даніі, Нарвегіі, Іспаніі і Харватыі. 37-ы мужчынскі чэмпіянат свету па гандболе пройдзе на арэнах Егіпта ў студзені 2021 года з удзелам 32 каманд.
Менскае „Дынама” пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера перамагло „Смалявічы”
Футбалісты менскага „Дынама” ў першым матчы пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Леаніда Кучука абыгралі „Смалявічы” з лікам 3:1. На 7-й хвіліне гульні пасля атакі з левага фланга лік адкрыў Іван Бахар, а незадоўга да перапынку яго збілі ў штрафной плошчы. Пасля гэтага Яўген Шыкаўка ўпэўнена рэалізаваў пенальці. У другім тайме ён жа забіў трэці гол, а потым дынамавец Міха Гарапэвшэк зрэзаў мяч у сваю браму.
У другім паядынку 6-га тура гарадзенскі „Нёман” прымаў на сваёй арэне гасцей са сталічнага „Энергетыка-БДУ” і ўпэўнена перамог 3:0 – дублем адзначыўся Павел Забелін. „Студэнты”, якія стартавалі з трох запар перамог, зведалі трэцюю запар паразу.
Зборная Беларусі па хакеі паднялася на 13-е месца ў рэйтынгу
Зборная Беларусі займае 13-е месца ў абноўленым рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі хакея. Беларусы змаглі палепшыць сваю ранейшую пазіцыю ў рэйтынгу, набраўшы 2545 ачкоў і абышоўшы французскую дружыну. Што тычыцца лідараў, то імі па-ранейшаму застаюцца канадцы, у якіх 3470 пунктаў. На 70 ачкоў менш у каманды Расеі. Замыкаюць тройку наймацнейшых фіны. З 27 па 30 жніўня ў Браціславе пройдзе кваліфікацыйны турнір на Гульні-2022 у Групе D. Беларуская лядовая дружына пазмагаецца за адзіную пуцёўку з хакеістамі Славакіі, Аўстрыі, Польшчы і Латвіі.
Мікіта Камароў пакінуў чалябінскі „Трактар”
Беларускі нападнік Мікіта Камароў пакінуў клуб КХЛ чалябінскі „Трактар”.
Форвард за чалябінскую дружыну, у якую ён перайшоў па ходу мінулага сезона, правёў 26 матчаў. У іх ён набраў 4 (1 + 3) балы пры 30 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „-10”. Раней Мікіта Камароў выступаў у такіх камандах КХЛ, як екацярынбургскі „Аўтамабіліст”, менскае і маскоўскае „Дынама”, падмаскоўны „Віцязь”. Гэтай вясной хакеіст выклікаўся для ўдзелу ў трэніровачным лагеры зборнай Беларусі.
Яўген Есаулаў увайшоў у трэнерскі штаб ХК „Юнацтва-Мінск”
Вядомы ў мінулым нападнік, а цяпер трэнер Яўген Есаулаў папоўніў трэнерскі штаб шматразовых чэмпіёнаў Беларусі менскага „Юнацтва”, паведамілі ў прэс-службе хакейнага клуба. Раней Есаулаў быў настаўнікам юніёрскай зборнай Беларусі (U-18), якая заняла пятае месца на планетарным форуме-2019 у сваёй узроставай групе. У сезоне-2019/20 беларускі спецыяліст адправіўся ў Кітай, дзе працаваў у клубе „Орджы” з Моладзевай хакейнай лігі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя