Беларускія гандбалісты перамаглі італьянцаў у кваліфікацыі ЧЕ



Гандбалісты мужчынскай зборнай Беларусі забяспечылі сабе выхад у фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы 2022 года. У італьянскім Кьеці падначаленыя Юрыя Шаўцова ў перадапошнім матчы 6-й кваліфікацыйнай групы абыгралі каманду Італіі з лікам 32:31. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Вячаслаў Бохан, які закінуў 8 мячоў. Фінальная стадыя 15-га мужчынскага чэмпіянату Еўропы пройдзе ў пачатку 2022 года на арэнах Вугоршчыны і Славакіі.

 

Тры беларускія спартоўцы заваявалі ліцэнзіі на Алімпіяду на міжнародным турніры

Юлія Леанцюк стала мацнейшай у штурханні ядра на міжнародным турніры па лёгкаатлетычных кіданнях памяці заслужанага трэнера СССР Яўгена Шукевіча, які праходзіць у Берасці. Перамогу спартоўцы з Берасцейскай вобласці прынёс вынік 17 м 31 см.  У стартах мужчын штурхачоў ядра з асабістым рэкордам спаборніцтвы выйграў атлет з Берасцейшчыны Дзмітрый Карпук з вынікам 20 м 57 см. Анастасія Маслава з Гарадзенскай вобласці выканала кваліфікацыйны нарматыў у кіданні молата на Гульні ў Токіо. Залаты медаль і пуцёўку на будучую Алімпіяду спартоўцы прынёс вынік 74 м 40 см, што з’яўляецца яе асабістым рэкордам. Кідальнік дыска Яўген Багуцкі выйграў золата і выканаў кваліфікацыйны нарматыў для ўдзелу ў Алімпіядзе. Вынік дыскабола з Менскай вобласці ў лепшай спробе – 66 м 3 см. У аналагічным выглядзе праграмы ў жанчын першынствавала Святлана Сярова з Магілёўскай вобласці – 56 м 36 см. У стартах малатабойцаў з асабістым рэкордам 77 м 36 см перамог Юрый Васільчанка з Менскай вобласці.  Кідальнік дзіды Аляксей Каткавец выйграў золата турніру і выканаў кваліфікацыйны нарматыў на Гульні ў Токіо. Перамогу і 21-ы для беларускіх лёгкаатлетаў пропуск на Алімпіяду ў сталіцы Японіі прадстаўніку дружыны Берасцейскай вобласці прынёс вынік 85 м 10 см.

Для лідараў нацыянальнай каманды дадзены старт, які будзе доўжыцца да 30 красавіка, выдатная магчымасць праверыць свае сілы напярэдадні Кубка Еўропы па кіданнях, які пройдзе ў харвацкім Спліце з 8 па 9 траўня.

 

„Слуцк” і берасцейскае „Дынама” згулялі ўнічыю ў першым матчы 7-га тура

Футбалісты „Слуцка” і берасцейскага „Дынама” згулялі ўнічыю ў стартавым матчы 7-га тура чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі. Сустрэча ў Слуцку прайшла ў роўнай барацьбе. У першым тайме гаспадароў вывеў наперад Валерый Бочараў, а пасля перапынку Станіслаў Беленькі аднавіў раўнавагу — 1:1. Сёння адбудуцца яшчэ тры паядынкі. Берасцейскі „Рух” прыме на сваім полі мазырскую „Славію”. У сталічным дэрбі менскае „Дынама” згуляе з „Энергетыкам-БДУ”, а футбалісты „Віцебска” прымуць у сябе дома „Гомель”.

 

„Манчэстар Юнайтэд” разграміў „Рому” у першым паўфінале Лігі Еўропы

Першыя сустрэчы паўфінальнай стадыі адбыліся ў розыгрышы футбольнай Лігі Еўропы. Англійскі „Манчэстар Юнайтэд” на полі „Олд Трафард” пасля першага тайма прайграваў італьянскай „Роме” 1:2, а ў другой палове здолеў пяць разоў засмуціць брамніка гасцей і перамог з буйным лікам 6:2. Па дублю ў гаспадароў аформілі Бруна Фэрнандэш і Эдзінсан Кавані.У іншым матчы іспанскі „Вільярэал” адолеў на сваёй арэне лонданскі „Арсенал” з мінімальным перавагай – 2:1. Матчы ў адказ за выхад у фінал пройдуць 6 траўня. Вырашальны паядынак Лігі Еўропы адбудзецца 26 траўня ў польскім Гданьску.

 

«Барселона» прайграла «Гранадзе»

У рамках 33-га тура іспанскай Ла Лігі  «Барселона» нечакана саступіла «Гранадзе» 1:2. На 23-й хвіліне нападнік каталонскага клуба Ліянэль Месі адкрыў лік у матчы. На 63-й хвіліне нападнік «Гранады» Дарвін Мачыс зраўняў лік. А праз 3 хвіліны галоўны трэнер «Барселоны» Рональд Куман быў выдалены з лаўкі. На 79-й хвіліне нападнік гасцей Хорхе Малін з блізкай адлегласці галовой забіў пераможны мяч. «Барселона» займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы, набраўшы 71 ачко. У лідара, мадрыдскага «Атлетыка» – 73 ачкі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя