Беларускія гандбалісты прайгралі іспанцам на чэмпіянаце Еўропы
Гандбалісты зборнай Беларусі пацярпелі паразу ў перадапошнім матчы асноўнага этапу чэмпіянату Еўропы і страцілі шанцы на выхад у наступны раўнд.
У аўстрыйскай Вене беларусы саступілі дзейнаму чэмпіёну Старога Свету камандзе Іспаніі – 28:37. Самым выніковым у складзе беларусаў стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў восем мячоў. Свой заключны матч другога групавога этапу падначаленыя Юрыя Шаўцова правядуць 22 студзеня супраць каманды Аўстрыі.
Хакеісты менскага „Юнацтва” перамаглі салігорскі „Шахцёр”
Лідар чэмпіянату Беларусі па хакеі сталічнае „Юнацтва” перамагло ў хатнім матчы салігорскі „Шахцёр” на „Чыжоўка-Арэне” з лікам 2:1. Першы перыяд завяршыўся нулявой нічыёй. У другой трэці матчу на выніковы выпад „гарняка” Рамана Крыкуненкі, які закінуў шайбу на 21-й хвіліне сустрэчы, „Юнацтва” адказала дакладным кідком Усевалада Кашкара, які рэалізаваў большасць на 39-й хвіліне гульні. У трэцім перыядзе шматразовыя чэмпіёны Беларусі закінулі ў большасці – дакладны кідок на рахунку Максіма Мальцава. Здарылася гэта на 41-й хвіліне паядынку. У далейшым менчукі пісьменна захоўвалі перавагу.
У паралельным паядынку «дынамаўцы» Маладэчна на сваім лёдзе абыгралі „Нёман” – 5:2. Гарадзенцы намагаліся захоўваць інтрыгу сустрэчы да фінальнай сірэны і нават знялі ў трэцяй дваццаціхвілінцы брамніка, памяняўшы яго на шостага палявога гульца. Аднак замест выніковага штурму брамкі маладэчанцаў „Нёман” атрымаў пятую шайбу. Галявы дубль аформіў Павел Печур.
Расейскі абаронца Андрэй Васільеў і нападнік Дзмітрый Іваноў знаходзяцца на праглядзе ў „Нёмане”
У панядзелак „Нёман” правёў першую трэніроўку ў рамках падрыхтоўкі да сезону-2020. У ліку 22 футбалістаў удзел у двухбакоўцы прынялі расейскі абаронца Андрэй Васільеў і нападнік Дзмітрый Іваноў.
Аднаўляецца пасля траўмы Максім Яблонскі – ён працаваў на гэтай трэніроўцы па індывідуальнай праграме. Да ад’езду на традыцыйны турнір „Белазавец”, які пройдзе ў Жодзіне, „Нёман” правядзе таварыскі матч. У суботу ў футбольным манежы ў Пышках гарадзенцы прымуць „Гарадзею”, – перадае афіцыйны сайт „Нёмана”.
Сяргей Ігнатовіч перайшоў у берасцейскае „Дынама”
Беларускі брамнік Сяргей Ігнатовіч афіцыйна перайшоў у берасцейскае „Дынама”. Пасля некалькіх дзён трэніровак разам з камандай бакі падпісалі паўнавартаснае пагадненне. Подпісы пад дакументамі былі пастаўлены перад адлётам на трэніровачны збор у Турцыю, адзначае прэс-служба берасцейцаў. Сяргей Ігнатовіч нарадзіўся ў Магілёве, аднак лічыцца выхаванцам школы менскага „Дынама”. У гэтай камандзе Сяргей выступаў на працягу ўсёй прафесійнай кар’еры, за выключэннем сезона-2013, які брамнік правёў у „Бярозе-2010”. У вышэйшай лізе-2019 Ігнатовіч правёў у складзе менскага „Дынама” пяць матчаў.
Беларускі нападнік Мікалай Януш падпісаў кантракт з „Іслаччу”
Мікалай з’яўляецца выхаванцам Мікашэвіцкай ДЮСШ. Прафесійную кар’еру пачынаў у родным „Граніце”, за які выступаў да 2009 года. Яшчэ ў біяграфіі футбаліста былі берасцейскае „Дынама”, гарадзенскі „Нёман” і салігорскі „Шахцёр”. За «гарнякоў» форвард адыграў сем сезонаў, правёў 232 матчы, забіў 93 галы і аддаў 46 выніковых перадач. У складзе „Шахцёра” двойчы станавіўся ўладальнікам Кубка Беларусі, выйграваў срэбраныя і бронзавыя медалі першынства. Двойчы станавіўся лепшым бамбардзірам вышэйшай лігі і прызнаваўся лепшым нападнікам чэмпіянату Беларусі, нагадвае прэс-служба „ваўкоў”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БФГ