Беларускія гандбалісты прайгралі нарвежцам у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы
Гандбалісты зборнай Беларусі пацярпелі першую паразу ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2022 года.
У горадзе Бекестуа беларусы ў гульні чарговага тура кваліфікацыйнай групы 6 саступілі камандзе Нарвегіі 17:29. У аўторак гэтыя супернікі сустракаліся ў менскім палацы спорту „Уручча” і тады беларускія гандбалісты выйгралі 33:25. Зараз беларускія гандбалісты адправяцца ў Егіпет на чэмпіянат свету, які пройдзе з 14 па 31 студзеня. На першым этапе планетарнага форуму зборная Беларусі згуляе ў папярэдняй групе Н з камандамі Расіі (14 студзеня), Рэспублікі Карэя (16 студзеня) і Славеніі (18 студзеня). Барацьбу за ўзнагароды сусветнага першынства працягнуць па тры лепшыя каманды з 8 квартэтаў.
„Сталіца” і ВРЗ выйшлі ў фінал Кубка Беларусі па міні-футболе
Мінская „Сталіца” і гомельскі ВРЗ выйшлі ў фінал 31-га розыгрышу Кубка Беларусі па міні-футболе. У першым паўфінальным паядынку на пляцоўцы магілёўскага спарткомплексу „Алімпіец” спартоўцы „Сталіцы” у серыі пасляматчавых пенальці адолелі гомельскі БЧ – 5:3 (асноўны і дадатковы час скончыліся 2:2). У другім паўфінале сапраўднай барацьбы не атрымалася – гомельскі ВРЗ разграміў мінскі клуб „Ахова-Дынама” з лікам 8:2. Сёння «Сталіца” і ВРЗ разыграюць галоўны трафей кубкавага розыгрышу, а БЧ і „Ахова-Дынама” паспрачаюцца за бронзу.
Елетнаў паказаў лепшы вынік у кар’еры на Кубку свету па біятлоне
Беларускі біятланіст Раман Елетнаў паказаў у Оберхофе лепшы вынік у кар’еры на этапе Кубка свету. Ён прайшоў спрынт без промахаў і заняў у выніку дзясятае месца. Выдатную гонку правёў і Сяргей Бачарнікаў 1 промах пры стральбе і 13-е месца. Усе месцы на п’едэстале занялі нарвежскія біятланісты – Ёханэс Бё стаў першым, яго брат Тар’е – другім, Стурла Холм Лагрэйд — трэцім. Сёння па выніках спрынту пройдзе гонка пераследу. У гонцы жанчын беларуская біятланістка Алена Кручынкіна паказала самую высокую хуткасць на трасе, але на другім стрэльбішчы дапусціла два промахі і заняла ў выніку восьмае месца. Таксама вельмі хутка прабегла Ганна Сола, якая пры гэтым не закрыла тры мішэні і стала 26-й. Перамогу ж пры бездакорнай стральбе святкавала нарвежка Тырыль Экхаф. Другое месца заняла шведка Ханна Обэргэ, якая прайграла Тырыль амаль паўхвіліны. Трэцяй стала аўстрыйка Ліза Тэрэза Хаўзэр.
Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Абу-Дабі
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленко святкавала другую перамогу на старце новага сезона. Дзясятая ракетка планеты ў паядынку 1/16 фіналу адзіночнага разраду турніру ў Абу-Дабі з прызавым фондам 565,5 тысяч даляраў абыграла аўстралійскую тэнісістку Айлу Тамлянавіч – 7:5, 6:4. Матч працягваўся 1 гадзіну 40 хвілін.
Ягор Шаранговіч закінуў шайбу ў другой двухбакоўцы”Нью-Джэрсі” запар
Беларускі нападнік Ягор Шаранговіч рыхтуецца да новага сезону НХЛ у трэніровачным лагеры „Нью-Джэрсі”. На мінулай трэніроўцы каманда працавала над гульнёй у большасці. Затым гульцы правялі двухбаковы матч. Ягор Шаранговіч гуляў у другім звяне каманды „белых” з Йесперам Боквістам і Яне Куоканенам. У канцы другога перыяду беларус закінуў трэцюю шайбу ў двух спарынгах.
Аляксандр Макрыцкі пакінуў пасаду галоўнага трэнера ХК „Юнацтва-Мінск”
Аляксандр Макрыцкі пакінуў пасаду галоўнага трэнера ХК „Юнацтва-Мінск”. Такая інфармацыя змяшчаецца ў афіцыйным Telegram-канале сталічнай дружыны.
„Кантракт скасаваны па пагадненні бакоў. Выконваць абавязкі галоўнага трэнера будзе Дзмітрый Карпікаў”, – гаворыцца ў паведамленні. Аляксандр Макрыцкі пачаў працу галоўным трэнерам „Юнацтва” ў верасні 2019 года, змяніўшы на пасадзе Міхаіла Захарава, які засяродзіўся на працы са зборнай Беларусі.
Павел Паўлючэнка працягне кар’еру ў „Руху”
Брамнік маладзёжнай зборнай Беларусі Павел Паўлючэнка зменіць берасцейскае „Дынама” на „Рух”. Пра гэта паведамляе журналіст Мікалай Іваноў у сваім телеграме. Адзначаецца, што канкураваць за месца ў старце Паўлючэнка будзе з Аляксандрам Нячаевым. Раман Сцяпанаў у пошуках новага клуба. У мінулым сезоне 23-гадовы брамнік правёў у вышэйшай лізе 13 матчаў за „Дынама”, у якіх прапусціў 17 мячоў. У актыве Паўла 2 матчы за нацыянальную зборную Беларусі і 12 – за маладзёжную. У той жа час абаронца Віталь Гайдучык пакінуў „Рух”. Кантракт скасаваны па пагадненні бакоў. 31-гадовы футбаліст папоўніў шэрагі берасцейскага клуба ў лютым 2020 года. У мінулым сезоне ён правёў 22 афіцыйныя матчы, у якіх адзначыўся адной выніковай перадачай, – інфармуе суполка „Руху” Укантакце.
Павел Забелін падпісаў кантракт з „Шахцёрам”
Кандыдат у зборную Беларусі Павел Забелін змяніў „Нёман” на „Шахцёр”. 25-гадовы хаўбек стаў другім пачаткоўцам „Шахцёра” ў бягучае міжсезонне. Першы – брамнік Сяргей Чэрнік, які перайшоў з „Гарадзеі”. У чэмпіянаце-2020 Забелін правёў за „Нёман” 28 матчаў, у якіх набраў 9 (7 + 2) ачкоў.
«Баварыя» пацярпела першую паразу больш чым за тры месяцы
У Мёнхенгладбасе завяршыўся чарговы матч 15-га тура нямецкай Бундэслігі. «Барусія» на сваім полі абыграла «Баварыю» з лікам 3:2, пры гэтым яшчэ ў першым тайме гаспадары апынуліся ў ролі даганяючых, прапусціўшы два мячы ад Роберта Левандоўскага, які адзначыўся з пенальці і Леона Гарэцкі. «Баварыя» пацярпела першую паразу з верасня ва ўсіх турнірах. У матчы 1/32 фіналу Кубка Англіі „Ліверпуль” разграміў „Астан Вілу” 4:1. З-за ўспышкі каронавірусу клуб з Бірмінгема быў вымушаны задзейнічаць гульцоў маладзёжнай каманды.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: publika.md