Беларускія гандбалісты ўвайшлі ў 16 мацнейшых дружын свету



Беларускія гандбалісты ў апошнім матчы групавога турніру чэмпіянату свету сустракаліся ў групе „С” з дружынай Венгрыі. Дыспазіцыя перад гульнёй была надзвычай выразная: для выхаду ў наступны раўнд камандзе Юрыя Шаўцова патрэбна была мінімум нічыя. Перад гэтым дружына Савудаўскай Арабіі паспрыяла беларусам, адолеўшы з розніцай у адзін мяч зборную Чылі – 26:25.

Лёгка можна сказаць – мінімум нічыя, праблема была яшчэ ў тым – як яе дасягнуць? Перад гэтым Беларусь сустракалася на роўні нацыянальных зборных з вугорцамі 7 разоў – і пацярпела 7 паразаў!

У першым тайме гульня ішла „мяч у мяч”. Толькі ў самай канцоўцы два магутныя стрэлы Барыса Пухоўскага вывелі Беларусь наперад 15:13. Пры тым і пайшлі адпачываць.

На пачатку другога тайму лік узрос да 17:14. Калі венгры зноў дагналі беларусаў, два пенальці парыраваў наш брамнік Вячаслаў Салдаценка. Беларускі жа пенальціст і капітан Іван Броўка свае пенальці забіваў бездакорна – 6 з 6 (!).

Апошняя фаза матчу была на суцэльных нервах. Выдатна гуляў на браме Беларусі Салдаценка. У час узяў тайм-аўт Юрый Шаўцоў. На 55-й хвіліне было 25:22 на карысць Беларусі. Канцоўка засталася за нашымі гандбалістамі – выніковыя 27:25. Лепшым гульцом сустрэчы прызналі Барыса Пухоўскага.

Такім чынам Беларусь выйшла ў наступны раўнд, заняўшы трэцяе месца ў групе і апынуўшыся ў ліку 16 мацнейшых дружын свету. Пра моц форума сведчыць, прыкладам, такі факт, што ў плэй-оф не выйшла зборная Польшчы.

Выніковае становішча ў групе „С”: 1. Нямеччына – 10 ачкоў, 2. Харватыя – 8, 3. Беларусь – 4, 4. Венгрыя – 4, 5. Савудаўская Арабія – 2, 6. Чылі – 2. Вельмі важна і тое, што заняўшы не 4-е, а 3-е месца, Беларусь пазбегнула сустрэчы ў плэй-оф з Даніяй.

22 студзеня у матчы 1/8-й фіналу ў французскім Лілі Беларусь будзе змагацца з камандай Швецыі.

Беларускае Радыё Рацыя