Беларускія гандбалісты завяршылі чэмпіянат Еўропы нічыёй
Гандбалісты зборнай Беларусі завяршылі чэмпіянат Еўропы нічыёй з аўстрыйцамі – 36:36. У сустрэчы з гаспадарамі турніру ў аўстрыйскай Вене беларусы выйгравалі амаль на працягу ўсяго гульнявога часу, але ў самай канцоўцы дазволілі супернікам дамагчыся нічыі. Лепшым снайперам у беларусаў стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 12 мячоў. На першым групавым этапе кантынентальнага першынства падначаленыя Юрыя Шаўцова выйгралі ў каманд Сербіі і Чарнагорыі, але саступілі Харватыі. У асноўным раўндзе беларусы перамаглі чэхаў і прайгралі немцам ды іспанцам.
Баскетбалісты «Цмокi-Менск» перамаглі «Іроні» у Кубку ФІБА-Еўропа
Баскетбалісты «Цмокi-Менск» святкавалі трэцюю вікторыю ў другім групавым раўндзе розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа. У першым паядынку другога раўнда спаборніцтваў у групе J чэмпіёны Беларусі ў Менску пераканаўча перайгралі ізраільскі «Іроні» – 97:75. Падначаленыя Расціслава Вергуна з самага пачатку ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і дамінавалі на працягу ўсяго гульнявога часу. Самым выніковым у складзе менчукоў стаў Бранка Міркавіч, у актыве якога 23 ачкі. У пятым туры 29 студзеня менскія «цмокі» згуляюць у гасцях у «Клужа», а 5 лютага завершаць другі групавы этап Кубка ФІБА-Еўропа хатняй сустрэчай з «Орадзя». У плэй-оф выйдуць па дзве лепшыя каманды з чатырох груп.
Валейбалісткі «Мінчанкі» абыгралі «Бімал-Адзінства» ў першым матчы 1/8 фіналу Кубка ЕКВ
Валейбалісткі «Мінчанкі» абыгралі «Бімал-Адзінства» з Босніі і Герцагавіны ў хатнім матчы 1/8 фіналу Кубка ЕКВ. Гульня завяршылася з лікам 3:0. У матчы ў адказ, які адбудзецца ў Босніі і Герцагавіне 4 лютага, для праходу ў чвэрцьфінал розыгрышу другога па значнасці еўракубка ў кантынентальным клубным валейболе беларусак задаволіць перамога з любым лікам альбо параза на тай-брэйку.
Восем беларускіх дзюдаістаў выступяць на турніры серыі Гран-пры ў Ізраілі
Восем беларускіх спартоўцаў выступяць на прэстыжным турніры па дзюдо серыі Гран-пры, які пройдзе на працягу бліжэйшых трох дзён у ізраільскім Тэль-Авіве. На татамі выйдуць Дзмітрый Шэршань, Дзмітрый Мінько, Юсуп Бекмурзаеў, Ягор Варапаеў, Даніэл Мукете, Мікіта Свірыд, Аляксандр Вахавяк і Уладзіслаў Цярпіцкі. Усяго ў спаборніцтвах прымуць удзел 583 спартоўцы з 85 краін. На гэтым турніры летась беларускія атлеты заваявалі залатую і бронзавую ўзнагароды. У медальным заліку зборная Беларусі заняла шостае месца.
«Манчэстар Юнайтэд» усухую прайграў «Бёрнлі»
У матчы 24-га тура АПЛ «Манчэстар Юнайтэд» на сваім полі саступіў «Бёрнлі» – 0: 2. Галы ў гэтай сустрэчы забілі нападнікі Крыс Вуд і Джэй Радрыгес. «МЮ» мае на рахунку 34 ачкі і займае пятае месца ў турнірнай табліцы. «Бёрнлі» падняўся на 13-ты радок. У матчы 1/4 фіналу Кубка Італіі «Ювентус» перамог «Рому» – 3:1. У складзе турынцаў адзін гол забіў нападнік Крышціяну Раналду. Мяч у сваю браму адправіў брамнік Джанлуіджы Буфон. «Юве» выйшаў у паўфінал турніру, дзе згуляе з пераможцам пары «Тарына» – «Мілан». Мадрыскі «Рэал» на выездзе перамог клуб «Уніоністас дэ Саламанку» у матчы 1/16 фіналу Кубка Іспаніі 3:1. У складзе мадрыдскай каманды галы забілі Гарэт Бэйл і Браім Дыяс. «Барселона» з цяжкасцю абыграла «Ібіцу» у матчы 1/16 фіналу Кубка Іспаніі. Каталонцы вырвалі перамогу на 94-й хвіліне. Дубль у гэтай сустрэчы аформіў нападнік Антуан Грызман.
Беларускае Радыё Рацыя