Беларускія гандбалісты згулялі ўнічыю з расейцамі на старце чэмпіянату свету
Гандбалісты зборнай Беларусі згулялі ўнічыю з расейцамі 32:32 у першым паядынку 27-га чэмпіянату свету ў Егіпце.
Першы матч папярэдняй групы Н атрымаўся для беларусаў няпростым. У пачатку сустрэчы расейцы лідзіравалі, потым падначаленыя Юрыя Шаўцова выраўнялі гульню і сышлі на перапынак пры нічыі – 15:15. У другой палове супернікі таксама гулялі на роўных. За тры секунды да фінальнай сірэны расейцы маглі вырваць перамогу, але галкіпер беларускай каманды Іван Мароз здолеў парыраваць небяспечны кідок, і матч завяршыўся ўнічыю. Самым выніковым у складзе беларусаў стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 10 мячоў. Другую сустрэчу зборная Беларусі згуляе заўтра супраць каманды Рэспублікі Карэя, а 18 студзеня завершыць першы этап гульнёй са зборнай Славеніі.
Хакеісты аршанскага „Лакаматыва” абыгралі „Юнацтва”
Хакеісты аршанскага „Лакаматыва” абыгралі „Юнацтва” ў матчы чэмпіянату Беларусі. Падначаленыя Ігара Жылінскага ўзялі верх над сталічнай дружынай з лікам 2:1. У астатніх сустрэчах дня салігорскі „Шахцёр” у гасцях прымусіў капітуляваць „Магілёў” – 4:1, гарадзенскі „Нёман” саступіў жлобінскаму „Металургу” — 2:4, а хакеісты „Гомеля” абыгралі „Дынама-Маладзечна” з лікам 6:2.
У Ягора Шаранговіча „+1” у дэбютным матчы ў НХЛ
„Нью-Джэрсі” ў серыі булітаў саступіў „Бостану” ў стартавым хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ – 2:3. Беларускі форвард гаспадароў Ягор Шаранговіч дэбютаваў у наймацнейшай лізе свету. Беларус выходзіў на лёд у першай тройцы разам з Джэкам Х’юзам і Кайлам Палм’еры, гуляў у спецбрыгадзе меншасці, а таксама ў авертайме. Ягор правёў на лёдзе 17 хвілін 23 секунды (гэта чацвёрты паказчык сярод форвардаў „Нью-Джэрсі”), выканаў 2 кідкі, выйграў 80% укідванняў, зрабіў 2 перахопы і дапусціў 4 страты, завяршыўшы матч з паказчыкам карыснасці ” +1 „. Акрамя таго, гульцы „Бостана” зарабілі на Шаранговічу тры штрафы. 16 студзеня «Нью-Джэрсі” зноў прыме „Бостан”. Пачатак матча – у 21.00 па беларускім часе.
Баскетбалісткі „Гарызонта” перамаглі „Ніку” ў матчы EWBL
Баскетбалісткі „Гарызонта” абыгралі расейскі клуб „Ніка” з Сыктыўкара з лікам 81:78 у матчы менскага этапу розыгрышу Еўрапейскай жаночай баскетбольнай лігі (EWBL). Пасля паразы ад рыжскага ТТТ падначаленыя Наталлі Трафімавай згулялі ўпэўнена і здолелі абыграць аднаго з фаварытаў турніру з перавагай у тры ачкі.
Тырыль Экхаф выйграла спрынт на этапе Кубка свету
Нарвежская біятланістка Тырыль Экхаф выйграла спрынтарскую гонку на шостым этапе Кубка свету ў нямецкім Оберхофе. Дыстанцыю 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі пераможца пераадолела за 22 хвіліны 33,8 секунды, дапусціўшы адзін промах. Другое месца заняла італьянка Даратэя Вірэр. Замкнула тройку наймацнейшых аўстрыйка Ліза Тэрэза Хаўзэр. Што тычыцца беларусак, то лепш за іншых суайчынніц спрынтарскую гонку правяла Дынара Алімбекава, якая заняла 12-е месца з адным промахам і адставаннем 51,4 секунды.
«Рэал» прайграў «Атлетыку» і не згуляе ў фінале Суперкубка Іспаніі
У матчы паўфіналу Суперкубка Іспаніі «Атлетык» Більбао перайграў мадрыдскі «Рэал». Сустрэча праходзіла ў Малазе і завяршылася з лікам 2:1. На 18-й хвіліне лік адкрыў паўабаронца «Атлетыка» Рауль Гарсія. Затым ён жа падвоіў перавагу «баскаў», рэалізаваўшы пенальці, прызначаны за фол супраць Іньіга Марцінэса. У другім тайме форвард «Рэала» Карым Бензема адыграў адзін мяч. Суддзя спачатку адмяніў гол з-за афсайду, але пасля ўсё-ткі зафіксаваў узяцце брамы. «Атлетык» выйшаў у фінал Суперкубка Іспаніі, дзе 17 студзеня згуляе з «Барселонай». У першым паўфінале Суперкубка «Барселона» перамагла «Рэал Сасьедад».
Экіпаж каманды „МАЗ-СПОРТаўта” Аляксея Вішнеўскага заняў 3-е месца на 11-м этапе „Дакара-2021”
Экіпаж каманды „МАЗ-СПОРТаўта”, якім кіраваў Аляксей Вішнеўскі, заняў 3-е месца на 11-м этапе „Дакара-2021”. Беларус праехаў адлегласць у 598 км на 4 хвіліны 53 секунды павольней, чым пераможца гонкі Антон Шыбалаў з каманды „КАМАЗ-Майстар”. У агульным заліку лідзіруе Дзмітрый Сотнікаў з „КАМАЗ-Майстар”. Аляксей Вішнеўскі ідзе на шостай пазіцыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: handball.by