Перамогі беларускіх канькабежцаў на студэнцкім ЧС у Амстэрдаме



Чатыры медалі выйгралі беларускія канькабежцы на чэмпіянаце свету сярод студэнтаў, які завяршыўся ў Амстэрдаме (Нідэрланды). Ігнат Галавацюк выйграў два сярэбраныя медалі ў стартах на 500 м і 1000 м. У абодвух відах праграмы перамогу святкаваў японец Ямато Мацуі, а бронзавыя медалі дасталіся яго суайчынніку Ватару Марысігу. У забегах на 1500 м у мужчын бронзавую ўзнагароду выйграў яшчэ адзін беларус Віктар Рудэнка. Ён прапусціў перад сабой паляка Марціна Бацянэка, які выйграў золата, і срэбнага прызёра з Расеі Аляксандра Падольскага. У камандным пераследзе бронзу выйграла зборная Беларусі ў складзе Ганны Кавалёвай, Ганны Ніфантавай і Яўгеніі Вараб’ёвай. Наперадзе беларусак фінішавалі дружыны Нідэрландаў і Польшчы.

УЕФА прыпыніў матчы еўракубкавых турніраў

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый абвясціў аб прыпыненні ўсіх матчаў кантынентальных турніраў. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце УЕФА. Як адзначаецца ў заяве, з-за сітуацыі з распаўсюджваннем віруса COVID-19 у Еўропе і спадарожных рашэнняў, прынятых уладамі розных краін, усе матчы турніраў УЕФА, запланаваныя на наступны тыдзень, адкладзеныя на больш позні тэрмін.

Усе матчы пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі гандбола (EHF) прыпыненыя да 12 красавіка з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі, паведамляе прэс-служба EHF. Гэта рашэнне датычыцца як матчаў клубаў, так і сустрэч нацыянальных зборных.

Матчы ў адказ 1/4 фіналу Кубка Беларусі пройдуць па плане – АБФФ

Чвэрцьфінальныя сустрэчы розыгрышу футбольнага Кубка Беларусі пройдуць, як і планавалася, 14 і 15 сакавіка і не будуць зачыненымі для заўзятараў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе „Беларускай федэрацыі футбола”. 14 сакавіка дзеючы ўладальнік трафея салігорскі „Шахцёр” у матчы ў адказ чвэрцьфінальнага паядынку прыме ў сябе дома жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”. БАТЭ на поле „Барысаў-Арэны” сустрэнецца з менскім „Дынама”. Апошні паўфіналіст кубкавага турніру стане вядомы 15 сакавіка. На полі ФК „Менск” футбалісты „Іслачы” (Менскі раён) сустрэнуцца з чэмпіёнам краіны берасцейскім „Дынама”.

НАК Грэцыі перапыніў эстафету алімпійскага агню

Нацыянальны алімпійскі камітэт Грэцыі перапыніў эстафету алімпійскага агню па сваёй краіне з-за сітуацыі з каранавірусам. Інфармацыя аб гэтым змяшчаецца ў афіцыйным Twitter-акаўнце арганізацыі. Такое рашэнне было прынята, паколькі на цырымонію сустрэчы алімпійскага агню ў Спарце прыйшло шмат людзей, нягледзячы на ​​тое, што ўсім рэкамендавана было заставацца дома. На думку прадстаўнікоў НАК Грэцыі, рашэнне адмяніць эстафету было цяжкім, але неабходным. Алімпійскі агонь будзе перададзены аргкамітэту спаборніцтваў на спецыяльным мерапрыемстве 19 сакавіка, якое закрыюць для гледачоў.

Як Каравай, Беларускае Радыё Рацыя