Беларускія хакеісты прайгралі латышам
Беларускія хакеісты прайгралі Латвіі ў матчы другога тура маладзёжнага чэмпіянату свету ў першым дывізіёне, які праходзіць на гэтым тыдні ў Менску. Беларусы адкрылі лік ужо на сёмай хвіліне, калі адзначыўся Кацелоўскі, і вялі ў ліку да трэцяга перыяду. На жаль, на 45-й і 47-й хвілінах падначаленыя Дзмітрыя Дудзіка прапусцілі дзве шайбы. Латышы былі блізкія да перамогі ў асноўны час, але за 2 хвіліны да сірэны Павел Дзянісаў рыкашэтам ад абаронцы супернікаў рэалізаваў большасць. Гульня перайшла ў авертайм, які доўжыўся ўсяго 13 секунд. Перамогу Латвіі прынёс Сванэнбергс, які рэалізаваў выхад адзін на адзін з Талапілам. Пасля двух тураў з 5 ачкамі лідзіруюць латышы, у беларусаў другое месца і 4 балы. У элітны дывізіён выходзіць толькі пераможца турніру. Гэты матч меў найважнейшая значэнне, бо Латвія раней абыграла моцную каманду Даніі і цяпер будзе сустракацца толькі з менш рэйтынгавымі супернікамі. Цяпер беларусам трэба чакаць асечкі прыбалтаў. Наперадзе ў беларусаў матчы з Нарвегіяй, Славеніяй і Даніяй.
БГК імя Мяшкова перамог „Металапластыку” у матчы SEHA-лігі
Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова перамог сербскую „Металапластыку” у матчы 9-га тура групавога этапу SEHA-лігі. Сустрэчу на паркеце берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” гаспадары правялі вельмі ўпэўнена, выйграўшы з лікам 32:21. Берасцейцы ўзялі рэванш у „Металапластыкі” за паразу ў першым крузе на яе арэне з лікам 33:35.
Свой заключны паядынак у папярэдняй групе В БГК згуляе 16 снежня ў гасцях з харвацкім „Заграбам”.
Валейбалісты „Будаўніка” саступілі „Карлаварска” у 1/16 фіналу Кубка Выкліку ЕКВ
Валейбалісты менскага „Будаўніка” не змаглі абыграць чэшскую каманду „Карлаварска” у гасцявым паядынку 1/16 фіналу Кубка Выкліку ЕКВ. Матч завяршыўся з лікам 3:1 на карысць гаспадароў пляцоўкі. Беларусам удалося ўзяць верх у першай партыі, аднак замацаваць поспех падначаленыя Аляксандра Сінгаеўскага не змаглі. У складзе шматразовых чэмпіёнаў Беларусі 20 пунктаў набраў нападнік Уладзіслаў Давыскіба. Гульня ў адказ пройдзе ў Менску 18 снежня ў зале для гульнявых відаў спорту „Чыжоўка-Арэны”. Менчукам неабходна выйграваць у супернікаў у трох альбо чатырох партыях, а потым спадзявацца на „залаты сэт”.
«Барселона» не пусціла «Інтэр» у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў
Гішпанская «Барселона» перамагла ў гасцях міланскі «Інтэр» у матчы апошняга тура футбольнай Лігі чэмпіёнаў — 2:1. Перамога гарантавала б італьянцам выхад у плэй-оф. Іх шанцы павялічваў той факт, што «Барселона» ужо забяспечыла сабе першае месца і пакінула дома шэраг ключавых гульцоў, уключна з Ліянэлям Месі. Але рэалізаваць жаданае міланцам не ўдалося. На 23-й хвіліне Карлес Перэс вывеў гасцей наперад. Гаспадары мелі некалькі магчымасцяў адыграцца, але гол у адказ забілі толькі ў канцоўцы тайма пасля ўдару Лукаку. У другім тайме «Інтэр» пайшоў наперад, але прабіць Нэта яшчэ раз не змог. «Барса» ж адказала голам 17-гадовага Ансу Фаці, які і стаў пераможным.
У другім матчы дня „Барусія” з Дортмунда перамагла пражскую «Славію» – 2:1 і прайшла ў плэй-оф. У групе «Е» аўстрыйскі «Рэд Бул» меў шанец выбіць «Ліверпуль». У выпадку хатняй перамогі ў плэй-оф выходзіў менавіта клуб з Зальцбурга. Аўстрыйцы паказалі яркі атакуючы футбол, але «Ліверпуль» быў усё-такі лепш — 0:2. «Напалі» ж без праблем разграміў «Генк» – 4:0 і таксама ідзе далей.
Піцерскі «Зеніт» разгромна прайграў у гасцях «Бенфіцы» 0:3. Але нават гэты вынік дазволіў быў піцерцам выйсці ў плэй-оф у выпадку гасцявой перамогі «РБ Лейпцыга» над «Ліёнам». Немцы вялі 2:0, але затым прапусцілі два галы. У выніку клуб з Санкт-Пецярбурга не адабраўся нават у Лігу Еўропы. Таксама і «Аякс» апынуўся па-за плэй-оф. Клуб з Амстэрдама саступіў на хатняй арэне «Валенсіі» – 0:1 і перамясціўся з першага на трэцяе месца, так як яшчэ і «Чэлсі» абыграў «Ліль» – 2:1.
Беларускае Радыё Рацыя