Беларускія хакеісты прайгралі славакам на старце чэмпіянату свету
Хакеісты зборнай Беларусі няўдала стартавалі на чэмпіянаце свету ў Рызе. У сваім першым паядынку папярэдняй групы А беларусы саступілі камандзе Славакіі з лікам 2:5. Ужо ў першым перыядзе беларускі брамнік Канстанцін Шостак прапусціў тры шайбы і быў заменены на Дэні Тэйлара. У пачатку заключнай трэці матчу славакі закінулі чацвёртую шайбу. За 8 хвілін да фінальнай сірэны славацкія хакеісты засталіся ўтрох і Міхаіл Стэфановіч рэалізаваў колькасную перавагу, а затым Ягор Шаранговіч скараціў разрыў да двух шайбаў. За тры хвіліны да канца трэцяга перыяду славацкая каманда зноў засталася ў меншасці і тут жа беларусы атрымалі права на буліт, але Ягор Шаранговіч не змог перайграць Браніслава Конрада. Адразу пасля гэтага беларусы замянілі брамніка шостым палявым гульцом, але атрымалі гол у пустую брамку. Сваю наступную сустрэчу падначаленыя Міхаіла Захарава правядуць заўтра супраць зборнай Швецыі. Таксама ў гэтай групе расейскія хакеісты ва ўпартай барацьбе вырвалі перамогу ў Чэхіі – 4:3. У групе В нямецкія хакеісты разграмілі італьянцаў 9:4. Гаспадары 84-га сусветнага першынства хакеісты зборнай Латвіі сенсацыйна абыгралі каманду Канады — 2:0.
„Шахцёр” здабыў 10-ю перамогу запар у чэмпіянаце Беларусі па футболе
Футбалісты „Шахцёра” працягнулі пераможную серыю ў матчах чэмпіянату Беларусі. Сваю 10-ю вікторыю запар падначаленыя Рамана Грыгарчука здабылі ў Салігорску над адным са сваіх галоўных канкурэнтаў менскім „Дынама” з лікам 1:0. На 80-й хвіліне лепшы снайпер першынства Дэмба Дарбо забіў свой 10-ы гол. У другім матчы дня футбалісты „Гомеля” абыгралі мазырскую „Славію” — 4:2.
„Вітэн” і ВРЗ выйшлі ў паўфінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе
У чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе адбыліся чарговыя паядынкі чвэрцьфінальнай стадыі. Першым у паўфінал выйшаў дзеючы чэмпіён краіны аршанскі „Вітэн”. У матчы ў адказ серыі да дзвюх перамог аршанцы разграмілі на выездзе „Мінск” з лікам 8:3. У першай гульні „Вітэн” перамог менчан на сваёй пляцоўцы з мінімальнай перавагай – 3: 2. У другім паядынку гомельскі ВРЗ абыграў у гасцях менскае „Дынама-БНТУ” у серыі пасляматчавых пенальці – 3:2. Асноўны і дадатковы час завяршыліся ўнічыю – 4:4. У першай гульні гамельчукі выйгралі з буйным лікам 5:1.
„Імпульс-БДУІР” перамог баскетбалістаў „Гродна-93” ў чэмпіянаце Беларусі
Баскетбалісты сталічнага клуба „Імпульс-БДУІР” выйшлі наперад у серыі з „Гродна-93” за бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату Беларусі. У трэцім паядынку, які прайшоў у Менску, гаспадары выйгралі з розніцай у 37 ачкоў – 98:61. У двух матчах у Гародні супернікі абмяняліся перамогамі: спачатку „Імпульс-БДУІР” выйграў у авертайме з лікам 74:72, а затым гаспадары ўзялі пераканаўчы рэванш – 102:70. Супернікі зноў сустрэнуцца ў Менску.
Ілля Шымановіч выйшаў у фінал ЧЕ па плаванні
Беларус Ілля Шымановіч выйшаў у фінал на дыстанцыі 50 м брасам на чэмпіянаце Еўропы па плаванні ў Вугоршчыне. Беларуса заняў у сваім заплыве другое месца з вынікам 26,47 секунды. Апярэдзіць яго змог толькі тытулаваны брытанец Адам Піці – 26,38 сек.
Валейбалісты зборнай Беларусі пачнуць выступы ў залатой Еўралізе з матчаў у Менску
Валейбалісты зборнай Беларусі пачнуць выступы ў залатой Еўралізе з хатніх сустрэч на пляцоўцы сталічнай „Чыжоўка-Арэны” з 28 па 30 траўня. Падначаленыя Віктара Бекшы ў стартавым матчы згуляюць з партугальцамі. Затым іх чакаюць гульні супраць Чэхіі і Турцыі. Паядынкі з удзелам беларусаў пачнуцца ў 19.00. Заўзятараў на трыбуны менскага спарткомплексу дапусцяць пры ўмове захавання супрацьэпідэмічных мер.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя