Беларускія хакеісты выйгралі ў шведаў



Беларускія хакеісты абыгралі шведаў у матчы групавой стадыі чэмпіянату свету ў Латвіі. Сустрэча завяршылася з лікам 1:0.

У самым пачатку заключнай трэці матчу Герман Несцераў адкрыў лік пасля камбінацыі, якую пачаў Станіслаў Лапачук, а працягнуў Міхаіл Стэфановіч, які аддаў апошні пас. У канцоўцы шведы знялі з гульні брамніка, аднак лік да фінальнай сірэны не змяніўся.  Зборная Беларусі ў другі раз у гісторыі абыграла Швецыю на буйных турнірах. Папярэдні поспех беларусаў у матчах са скандынавамі датуецца 2002 годам. Тады яны сенсацыйна прайшлі шведаў у чвэрцьфінале Алімпійскіх гульняў, перамогшы з лікам 4:3. Таксама сярод вынікаў дня на чэмпіянаце свету трэба адзначыць перамогу зборнай Казахстана над Фінляндыяй 2:1.

БАТЭ ў пяты раз выйграў Кубак Беларусі па футболе

Футбалісты барысаўскага БАТЭ сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У вырашальным паядынку 30-га кубкавага розыгрышу барысаўчане перамаглі „Іслач” з Менскага раёна з лікам 2:1. На 31-й хвіліне капітан БАТЭ Станіслаў Драгун адкрыў лік, замкнуўшы перадачу з правага флангу. Выйшаўшы наперад, футбалісты БАТЭ працягвалі атакаваць, але развіць поспех не змаглі. А пасля перапынку падначаленыя Арцёма Радзькова перабудавалі гульню і на 59-й хвіліне ветэран „Іслачы” Дзмітрый Камароўскі аднавіў раўнавагу – 1:1. Пасля прапушчанага гола каманда Віталя Жукоўскага зноў стала дзейнічаць першым нумарам і праз 18 хвілін былы гулец „Іслачы” Павел Рыбак зноў вывеў БАТЭ наперад. Футбалісты БАТЭ сталі пяціразовымі ўладальнікамі Кубка краіны. Дзякуючы кубкавай перамозе БАТЭ, пуцёўку ў кваліфікацыю Лігі канферэнцый УЕФА атрымала берасцейскае „Дынама”, якое фінішавала чацвёртым у мінулым чэмпіянаце Беларусі.

„Ліверпуль” і „Чэлсі” выйшлі ў Лігу чэмпіёнаў

Завяршыўся клубны ў Англіі. Мерсісайдцы абыгралі „Крыстал Пэлас” 2:0, а „Чэлсі” саступіў „Астан Віле” 1:2 у матчах 38-га тура чэмпіянату. З-за таго, што „Лестэр” страціў ачкі ў гульні з „Тотэнхэмам”, прайграўшы 2:3, „Чэлсі” і „Ліверпуль” атрымалі права на ўдзел у Лізе чэмпіёнаў у наступным сезоне. Акрамя гэтых клубаў, Англію ў Лізе чэмпіёнаў у наступным сезоне прадставяць „Манчэстар Сіці”, які дзякуючы дублю Агуэра абыграў у апошнім туры «Эвертан» 5:0, і „Манчэстар Юнайтэд”, які вырваў перамогу ў «Вулверхэмптана» 2:1.  „Арсенал” перамог „Брайтан” 2:0. Дубль у складзе лонданцаў зрабіў Нікаля Пепе.

„Арсенал” з 61 ачком заняў 8-е месца і застаўся без еўракубкаў на наступны сезон. „Інтэр” завяршыў чэмпіёнскі сезон разгромнай перамогай над „Удзінэзэ” ў матчы 38-га тура чэмпіянату Італіі 5:1. «Мілан» узяў рэванш за паразу ад «Аталанты» ў хатнім матчы і. дзякуючы двум забітым пенальці Франка Кесье, перамог 2:0 і выйграў срэбраныя медалі чэмпіянату Італіі. «Ювентус» без Раналду разграміў «Балонню» 4:1 і трапіў у Лігу чэмпіёнаў У паралельным матчы «Напалі» згуляў унічыю з «Веронай» 1:1 і не трапіў у галоўны еўрапейскі клубны турнір.

„Мяшкоў Брэст” без страт завяршыў гандбольны чэмпіянат Беларусі

Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” не згубілі ніводнага ачка ў чэмпіянаце Беларусі, набраўшы 48 балаў з 48 магчымых. Сваю 24-ю перамогу чэмпіёны краіны святкавалі ў Берасці, абыграўшы срэбраных прызёраў – гандбалістаў менскага СКА з лікам 37:27. Бронзу заваявалі гандбалісты „Гомеля”, якія ў заключным туры прайгралі ў гасцях гарадзенскаму „Кронану” – 27:31. „Мяшкоў Брэст” заваяваў 13-ты чэмпіёнскі тытул.

Гандбольны сезон завершыцца ў наступны ўік-энд „Фіналам чатырох” розыгрышу Кубка Беларусі, які адбудзецца ў Гомелі.

У спаборніцтвах жаночых каманд чэмпіёнкамі сталі гандбалісткі БНТУ-БелАЗа, а Кубак краіны выйгралі гандбалісткі „Гомеля”.

Беларускія плыўцы занялі шостыя месцы ў фінале камбінаваных эстафет 4х100 на Чэмпіянаце Еўропы

Беларускія плыўцы занялі шостае месца ў фінале камбінаваных эстафет 4х100 м на чэмпіянаце Еўропы, які завяршыўся ў Будапешце.

У стартах мужчын Беларусь прадстаўлялі Віктар Стаселовіч, Ілля Шымановіч, Яўген Цуркін і Арцём Мачэкін.

У аналагічным выглядзе праграмы ў жанчын Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко, Анастасія Куляшова і Анастасія Каракоўская паказалі шосты вынік. Такім чынам, беларуская каманда выйграла на чэмпіянаце Еўропе па плаванні адзін медаль. Срэбра на рахунку Іллі Шымановіча, які вызначыўся на дыстанцыі 50 м брасам.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: nhl.com