Беларускія лёгкаатлеткі выйгралі два медалі на мемарыяле Камілы Скалімоўскай
Беларускія лёгкаатлеткі выйгралі два медалі на мемарыяле Камілы Скалімоўскай у Хожуве.
На стадыёне „Шлёнск”, дзе праходзіў прадстаўнічы турнір памяці алімпійскай чэмпіёнкі ў кіданні молата, вызначыліся Эльвіра Герман, якая перамагла ў бегу на 100 м з бар’ерамі, і штурхальніца ядра Алена Дубіцкая, якая выйграла бронзу. Пераможны вынік беларускай бар’ерысткі – 12,87 сек. На другой пазіцыі фінішавала нідэрландская спартоўка Надзін Вісэр. Бронзавы прызёр – Пія Скжышоўска з Польшчы. У штурханні ядра Алена Дубіцкая адправіла снарад на 18 м. Яе змаглі апярэдзіць толькі партугальская спартоўка Аўрыёль Дангмо і Маркета Чэрвенкава з Чэхіі.
Лёгкаатлетка Анастасія Мірончык-Іванова паказала найлепшы вынік сезона на турніры ў Аўстрыі
Беларуская скакуха ў даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова ўстанавіла найлепшы вынік сезона ў свеце на турніры ў Аўстрыі. У сваёй лепшай спробе беларуска пераадолела 6 м 94 см. Другая – украінка Марына Бех-Раманчук, бронза ў Нежы Філіпіч са Славеніі.
Алімпіяда ў Токіо адбудзецца незалежна ад сітуацыі з каронавірусам
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Джон Коўтс заявіў, што летняя Алімпіяда ў Токіо адбудзецца ў тэрмін незалежна ад сітуацыі з каронавірусам у свеце. XXXII Алімпіяда ў Токіо перанесена з-за пандэміі каронавіруса і адбудзецца з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года. Паралімпійскія гульні пройдуць з 24 жніўня па 5 верасня 2021 года.
Мікалай Януш другі месяц запар прызнаны найлепшым гульцом „Іслачы”
„У афіцыйнай групе” Іслачы „УКантакце” завяршылася галасаванне за найлепшага гульца жніўня. Другі месяц запар перамог ў гэтай намінацыі нападнік Мікалай Януш, прычым зноў з вялікай перавагай. Гэтым разам наш футбаліст набраў 71,21% галасоў. У жніўні Мікалай адзначыўся дублямі ў брамы „Славіі” і „Шахцёра», а таксама забіў гол „Віцебску», гаворыцца ў групе Іслачы ў ВК.
Беларусы заваявалі срэбны медаль на моладзевым ЧЕ па акадэмічным веславанні ў Германіі
Беларусы Іван Брынза і Ягор Шлюпскі сталі ўладальнікамі срэбнага медаля ў двойцы-парнай на моладзевым чэмпіянаце Еўропы па акадэмічным веславанні ў Дуйсбургу. У фінальным заездзе нашы весляры саступілі толькі дуэту з Ірландыі. Бронзавы медаль у актыве іспанскіх весляроў.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: bfla.eu