Беларускія лёгкаатлеты заваявалі два срэбраныя медалі ў Францыі
Беларускія лёгкаатлеты заваявалі два срэбраныя медалі на міжнародным турніры, які прайшоў у французскім Мондэвіле, паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
Беларус Віталь Парахонька ў вырашальным забегу на 60 м з бар’ерамі фінішаваў другім з вынікам 7,79 секунды. Беларуска Крысціна Ціманоўская у забегу на 60 м стала срэбраным прызёрам спаборніцтваў, пераадолеўшы дыстанцыю за 7,23 секунды.
Менскія „Цмокi” перамаглі „Астану” у Адзінай лізе ВТБ
Баскетбалісты „Цмокi-Менск” святкавалі чацвёртую перамогу ў матчах Адзінай лігі ВТБ. Хатні паядынак з гасцямі з казахстанскай „Астаны” падначаленыя Расціслава Вергуна правялі вельмі ўпэўнена, выйграўшы з перавагай у 19 ачкоў – 96:77. Самым выніковым у складзе менчукоў стаў Бранка Міркавіч, які набраў 19 ачкоў. Менскія „цмокі” па-ранейшаму замыкаюць турнірную табліцу „банкаўскага” турніру, перамогшы ў чатырох з 16 праведзеных матчаў. Свой наступны паядынак Адзінай лігі ВТБ баскетбалісты „Цмокi-Менск” правядуць 9 лютага на выездзе супраць казанскага Унікса, які цяпер займае 4-е месца.
Новак Джокавіч ў восьмы раз выйграў Australian Open
Сербскі тэнісіст Новак Джокавіч другі раз запар і восьмы ў гісторыі стаў пераможцам Australian Open, абыграўшы ў фінале аўстрыйца Дамініка Ціма 6:4, 4:6, 2:6, 6:3, 6:4. Сустрэча працягвалася роўна 4 гадзіны.
Цяпер у актыве 32-гадовага серба стала 17 чэмпіёнскіх тытулаў у адзіночным разрадзе турніраў серыі „Вялікага шлема”.
Берасцейскае «Дынама» не ўтрымала перамогу над «Крыламі Саветаў» у апошнім спарынгу турэцкага збору
Дзеючы чэмпіён Беларусі па футболе берасцейскае «Дынама» на першым турэцкім зборы згуляў апошні спарынг супраць самарскіх «Крылаў Саветаў». Берасцейцы ўпэўнена пачалі матч і даволі хутка адкрылі лік. Арцём Мілеўскі адпасаваў на Міхаіла Гардзейчука, той з флангу прастрэліў і капітан каманды Мілеўскі адправіў мяч у сетку. Дынамаўцы глядзеліся лепш і зладжаней на працягу ўсяго тайму.
Другая палова матчу праходзіла ў роўнай барацьбе, абедзве каманды мелі моманты для ўзяцця брамы. А аднойчы штанга выратавала браму расейскага клубу пасля ўдару з 40 метраў Сяргея Кісляка. Зрэшты, утрымаць пераможны лік беларусы не змаглі. У самым канцы другога тайма «Крылы Саветаў» зраўнялі лік. За матчам з трыбун за гульнёй берасцейцаў зноў назіралі прадстаўнікі трэнерскага штаба зборнай Беларусі па футболе, а таксама прадстаўнікі БАТЭ ў асобе галоўнага трэнера Кірыла Альшэўскага і шэрагу гульцоў клуба.
„Ліверпулю” да чэмпіёнства засталося 6 перамог
У матчы 25-га тура чэмпіянату Англіі „Манчэстэр Сіці” саступіў „Тотэнхэму” – 0:2. Пасля гэтага адрыў „Ліверпуля” ад другога месца вырас да 22 ачкоў. Камандзе Юргена Клопа да перамогі ў чэмпіянаце Англіі засталося выйграць 6 матчаў. Калі „Ліверпуль” пераможа ў наступных шасці сустрэчах АПЛ, то зможа стаць чэмпіёнам яшчэ да гульні з „Ман Сіці”, якая адбудзецца 4 красавіка. „Чырвоныя” могуць аформіць тытул ўжо ў сакавіку. Калі гэта здарыцца, то гэта будзе самае ранняе чэмпіёнства ў гісторыі прэм’ер-лігі. Зараз рэкорд належыць „Манчэстар Юнайтэд” – 14 красавіка 2001 года. У матчы 22-га тура чэмпіянату Італіі па футболе „Ювентус” на сваім полі буйна перамог „Фіярэнціну” з лікам 3:0. Дублем вызначыўся Крышціяну Раналду – абодва гола партугалец забіў з пенальці). Форвард „Барселоны” Ансу Фаці зрабіў дубль у першым тайме матчу 22-га тура чэмпіянату Іспаніі з „Левантэ”. 17-гадовы футбаліст адзначыўся забітымі мячамі на 30-й і 31-й хвілінах. У абодвух выпадках ён прабіў галкіперу „Левантэ” паміж ног. Дзве выніковыя перадачы ў матчы на свой рахунак запісаў капітан „сіне-гранатавых” Ліянэль Месі.
Неймар атрымаў жоўтую картку за здзеклівы фінт
Нападнік «Пары Сэн-Жэрмэн» Неймар стаў ахвярай неадназначнага рашэння галоўнага арбітра матча 22-га тура французскай Лігі 1 з «Манпелье». На 38-й хвіліне матчу бразілец быў пакараны жоўтай карткай пасля таго, як выканаў эфектны фінт «вясёлка» і стаў спрачацца з арбітрам. Па словах абаронцы парыжскага клуба Кімпэмбэ, арбітр тлумачыў дзеянні футбаліста як «неспартовыя паводзіны». У гэтым сезоне 27-гадовы бразілец правёў 18 матчаў у майцы «Пары Сэн-Жэрмэн». У яго актыве 15 забітых мячоў і восем выніковых перадач. На рахунку нападніка пяць матчаў і адзін гол за зборную Бразіліі.
Беларускае Радыё Рацыя