Беларускія лыжнікі сталі ўладальнікамі чатырох ліцэнзій на Гульні-2022
Беларускія лыжнікі сталі ўладальнікамі чатырох ліцэнзій на Гульні-2022 у Пекіне, паведамілі у прэс-службе НАК Беларусі са спасылкай на аргкамітэт галоўных стартаў чатырохгоддзя. Такім чынам, у лютым у Пекін змогуць адправіцца двое мужчын і дзве жанчыны. Квоты размеркаваліся паводле рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту. Усяго ў лыжных гонках на Алімпіядзе прымуць удзел 296 спартоўцаў. Найбольшую колькасць ліцэнзій у лыжных гонках атрымалі прадстаўнікі Расеі, Нарвегіі і Швецыі – па 16.
Валейбалісты „Шахцёра” саступілі нямецкаму СВД „Паўэрвалейс” у матчы Кубка ЕКВ
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” саступілі нямецкаму СВД „Паўэрваллейс” у матчы 1/32 фіналу Кубка ЕКВ з лікам 0:3. Самым эфектыўным ў складзе „гарнякоў” стаў Павел Аўдочанка, які набраў 13 ачкоў. Варта адзначыць, што ў Нямеччыну не паехалі асноўныя гульцы „Шахцёра” Андрэй Марчанка і Арцём Масько, якія аднаўляюцца пасля праблем са здароўем. Па ўзгадненню бакоў матч у адказ адбудзецца ў нямецкім Дзюрэне ўжо сёння.
Марозава і Храмачова выйшлі ў паўфінал тэніснага турніру ў Лінцы
Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і расейка Ірына Храмачова святкавалі другую перамогу ў матчах парнага разраду турніру ў аўстрыйскім Лінцы. У чвэрцьфінале яны ўсяго за гадзіну перайгралі ў двух сэтах нямецка-чэшскі тандэм Юлія Лохаф / Рэната Ворачава – 6:3, 6:4. У 1/8 фіналу адзіночнага разраду беларуска Аляксандра Сасновіч саступіла румынскай тэнісістцы Сімоне Халеп – 5:7, 3:6.
Хакеісты „Нью-Джэрсі” выйгралі ў „Фларыды” ў матчы чэмпіянату НХЛ
Хакеісты „Нью-Джэрсі” выйгралі ў „Фларыды” ў хатнім матчы чэмпіянату НХЛ. Паядынак завяршыўся з лікам 7:3. Беларускі легіянер „д’яблаў” Ягор Шаранговіч, які трэніраваўся да гэтага паядынку ў складзе чацвёртага звяна, у заяўку на матч не трапіў.
Коласаў і Бэйлен лідзіруюць у галасаванні заўзятараў для вызначэння ўдзельнікаў Матчу зорак КХЛ-2022
Хакеісты зборнай Беларусі Аляксей Коласаў і Нік Бэйлен лідзіруюць у галасаванні заўзятараў для вызначэння ўдзельнікаў Матчу зорак КХЛ-2022. Канцэпцыя правядзення Матчу зорак КХЛ-2022 зведала змены, зараз замест выбару гульцоў па дывізіёнах фанатам трэба выбраць аднаго брамніка, аднаго абаронцу і двух нападнікаў па прыналежнасці ад геаграфічных рэгіёнаў. У каманду Расеі могуць трапіць толькі расейцы, у дружыну Паўночнай Амерыкі – хакеісты з ЗША і Канады, у склад Скандынавіі – прадстаўнікі Даніі, Швецыі і Фінляндыі, а ў каманду Еўразіі – усе астатнія, у тым ліку беларусы.
Беларускі стралок Юрый Шчарбацэвіч выйграў срэбра на міжнародным турніры ў Польшчы
Беларускі стралок Юрый Шчарбацэвіч выйграў срэбра на міжнародным турніры Кубак Прэзідэнта ISSF у польскім Вроцлаве. У фінале стральбы з малакалібернай вінтоўкі з трох палажэнняў на 50 м у міксце з немкай Джолін Беер беларус супрацьстаяў амерыканска-венгерскаму дуэту Саген Мадалена / Іштван Пені. Супернікі апынуліся больш паспяховымі і заваявалі галоўны прыз. Спаборніцтвы праходзяць на стрэльбішчы WKS Śląsk. У кожным з відаў праграмы за галоўны прыз спрачаюцца па 12 найлепшых спартоўцаў свету.
Пячэнін прызнаны лепшым гульцом 28-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Кірыл Пячэнін прызнаны лепшым гульцом 28-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У хатняй пераможнай гульні з „Віцебскам” 24-гадовы паўабаронца берасцейскага „Руху” быў адным з лідараў сваёй каманды. У канцоўцы сустрэчы Кірыл Пячэнін зрабіў перадачу на Усевалада Садоўскага, які ўсталяваў канчатковы лік гэтага матчу – 2:0.
Польскі саначнік атрымаў цяжкія траўмы на алімпійскай трасе ў Пекіне
Польскі саначнік Матэвуш Саховіч цяжка траўмаваўся на трэніроўцы на алімпійскай трасе паблізу Пекіна. У Саховіча дыягнаставалі моцнае пашкоджанне левага калена і парэз правай нагі пасля ўдару аб бар’ер у Нацыянальным цэнтры Яньцын, які будзе выкарыстоўвацца для правядзення зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне. “Далі зялёнае святло для выезду на трасу, праехаў два складаныя павароты, але раптам ўбачыў на трасе зачыненую браму. Тады я выпусціў сані з-пад сябе і заняў пазіцыю, як лыжнік на хуткасным спуску. Спадзяваўся, што на такой хуткасці змагу пераскочыць цераз бар’ер. Аднак усё адбывалася занадта хутка, і ў мяне не было часу на скачок. Вось чаму ў мяне пашкоджаны ногі, а не ўсё астатняе цела. Калі б не паспеў зрэагаваць, гэта магло б прывесці да трагедыі”, — цытуе спартоўца інтэрнэт-партал Onet.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя