Беларускія „пляжнікі” выйгралі другі матч кваліфікацыі



Зборная Беларусі па пляжным футболе cвяткавала другую перамогу ў кваліфікацыйным турніры чэмпіянату свету ў Маскве. У матчы 2-га тура папярэдняй групы Е беларусы выйгравалі ў літоўцаў 3:0, але ў канцы заключнага перыяду супернікі здолелі аднавіць раўнавагу – 3:3. У авертайме лік не змяніўся, а ў серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку беларускай дружыны. На старце спаборніцтваў у расейскай сталіцы зборная Беларусі ўпэўнена перайграла каманду Турцыі з лікам 6: 3. Сёння беларусы завершаць першы этап гульнёй са зборнай Швейцарыі, якая ў першым туры разграміла Літву — 8:1.

Макаранка выйграў «золата» у Баку

Барэц грэка-рымскага стылю Глеб Макаранка заваяваў залаты медаль у першы дзень спаборніцтваў Еўрапейскага юнацкага фестывалю ў Баку. У вагавай катэгорыі да 55 кг беларус упэўнена правёў некалькі папярэдніх паядынкаў, у якіх быў мацней за расейца Данілу Грыгор’ева, прадстаўніка Нямеччыны Аарана Белшайта. У паўфінале Глебу Макаранку супраціў паспрабаваў аказаць румын Багдан Поп, але прапусціў некалькі накатаў і вымушаны быў саступіць месца ў фінале беларусу. У вырашальнай сутычцы Глеб Макаранка быў мацней за грузіна Рамэа Берыдзэ. Глеб Макаранка пасля турніру ў Баку плануе паспяхова выступіць на юніёрскім чэмпіянаце свету.

Каляда з асабістым рэкордам перамог на чэмпіянаце Еўропы

Беларус Мікіта Каляда выйграў залаты медаль у спартовай хадзе на 10 км на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць у Швецыі. Пераможца ўжо ў сярэдзіне дыстанцыі меў сур’ёзную перавагу і завяршыў выступ за 41 хвіліну 10,03 сек. Мікіта Каляда абнавіў асабісты рэкорд на сорак секунд. Другое месца заняў італьянец Рыкарда Арсон, а бронзавым прызёрам стаў паляк Лукаш Недзялек.

Беларускія валейбалісты перамаглі Расею з лікам 3: 1 і занялі сёмае месца на чэмпіянаце Еўропы ва ўзроставай катэгорыі да 17 гадоў у Балгарыі. Падначаленыя Аляксея Кавалёва ўпэўнена дзейнічалі на блоку і нападзе. Найбольш выніковым гульцом матчу супраць расейцаў стаў Аляксей Ількевіч, які набраў 12 ачкоў.

Баскетбалісты моладзевай зборнай Беларусі занялі 13-е месца на чэмпіянаце Еўропы ў дывізіёне В, які праходзіць у партугальскім Матазіньюшэ. У матчы суцяшальнага турніру беларусы пераканаўча перайгралі аднагодкаў з Вугоршчыны з лікам 81:66. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Цімур Друкаў, у актыве якога 18 ачкоў.

Брытанец Сайман Йейц, які выступае за каманду Mitchelton-Scott, стаў пераможцам 15-га этапу велашматдзёнкі „Тур дэ Франс”. Горную дыстанцыю працягласцю 185 км ён праехаў за 4 гадзіны 47 хвілін і 4 секунды. Лідарства ў агульным заліку захаваў француз Жуліан Алафіліп.

„Тотэнхэм” узяў верх над „Ювентусам” у матчы міжнароднага Кубка чэмпіёнаў – 3: 2. Пераможны мяч на трэцяй кампенсаванай хвіліне ўдарам з цэнтра поля забіў нападнік Хары Кейн. 24 ліпеня »Юве” пазмагаецца з „Інтэрам”, „Тотэнхэм” згуляе з „Манчэстар Юнайтэд”.

Беларускае Радыё Рацыя