Беларускія плыўцы ўсталявалі некалькі рэкордаў на турніры ISL у Будапешце
Беларускія плыўцы сталі аўтарамі шэрагу рэкордаў у фінале спаборніцтваў Міжнароднай лігі плавання (ISL), якія завяршыліся ў вугорскай сталіцы Будапешце, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай федэрацыі плавання. Спаборніцтвы праходзілі ў 25-метровым басейне.
Юнацкі сусветны і беларускі нацыянальны рэкорды ўсталявала Анастасія Шкурдай на дыстанцыі 100 м комплексным плаваннем. Выніковы час берасцейкі, якая фінішавала на другім месцы, – 57,59 секунды. На дыстанцыі 100 м батэрфляем беларуска кранула борціка шостай – 56,33 сек. Ілля Шымановіч абнавіў рэкорды Беларусі на дыстанцыях 50 м брасам (25,48 секунды), 100 м брасам (55,49 секунды) і 200 м брасам (2 хвіліны 2,86 секунды). Клуб Energy Standard, за які выступалі Анастасія Шкурдай і Ілля Шымановіч, у агульнакамандным заліку заняў другое месца.
Максім Скавыш паўтарыў рэкорд Віталя Кутузава па ліку мячоў за адзін чэмпіянат у складзе БАТЭ
Форвард БАТЭ Максім Скавыш, які праводзіць лепшы год кар’еры, набраў 100 (76 + 24) ачкоў у афіцыйных матчах за БАТЭ. Ільвіная доля гэтых балаў прыпадае на чэмпіянаты Беларусі – 81 (64 гола + 17 перадач). Скавыш здзейсніў 6-ы ў гэтым сезоне галявы дубль – больш за ўсіх. 4 разы страляў дуплетам Джасурбек Яхшыбоеў (плюс 1 хет-трык), па 3 – Павел Савіцкі і Мікалай Януш. З 19 галамі Скавыш стаў суаўтарам аднаго з самых „барадатых” рэкордаў БАТЭ – па колькасці мячоў за адзін чэмпіянат. Першым падобнае зрабіў Віталь Кутузаў у далёкім 1999 годзе. Але ў Максіма перавага перад Віталём за кошт большай колькасці „чыстых” (без уліку пенальці) галоў – 18 супраць 13.
АТН: Аляксандра Раманоўская не звольненая з нацыянальнай каманды
Тэлеканал „Беларусь 1″ распавёў, што беларуская фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская не звольненая з нацыянальнай зборнай. Па іх версіі, яна знаходзіцца на бальнічным.
«Фрыстайлістка А. Раманаўская не звольненая з нацыянальнай каманды Беларусі. У дадзены момант яна знаходзіцца на бальнічным і праходзіць рэабілітацыйныя працэдуры пасля аперацыі”, гаворыцца ў паведамленні АТН. Пакуль спартоўка не пракаментавала гэтую інфармацыю.
Турнір па боксе памяці Віктара Лівенцава пройдзе ў Менску ў фармаце матчавай сустрэчы
Міжнародны турнір па боксе памяці Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава пройдзе ў фармаце матчавай сустрэчы з 24 па 26 лістапада. У спаборніцтвах на рынгу сталічнага Палаца спорту прымуць удзел спартоўцы з Іспаніі, Францыі, Украіны і Беларусі. Як адзначыў выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі бокса Дзяніс Сабалеўскі, у складзе нацыянальнай зборнай выступяць першыя нумары сваіх вагавых катэгорый, у іх ліку і тыя, хто прадставіць нашу краіну ў турнірах алімпійскай кваліфікацыі да Токіо-2020.
Расейскі тэнісіст перамог на выніковым турніры ATP і ўсталяваў новы рэкорд
Чацвёртая ракетка свету расіянін Данііл Мядзведзеў у фінале выніковага турніру ATP абыграў Дамініка Ціма 4:6, 7:6, 6:4 і другі год запар завяршыў сезон у топ-5 рэйтынгу. 24-гадовы Мядзведзеў – другі ў гісторыі чэмпіён ATP Finals, які выйграў тытул праз год пасля ўсіх паразаў на дэбютным выніковым. Першым гэта зрабіў Новак Джокавіч у 2008 годзе. Таксама Мядзведзеў упершыню ў гісторыі абыграў на адным выніковым усіх прадстаўнікоў топ-3. На групавым этапе ён перамог №1 Джокавіча, у паўфінале №2 Надаля, а ў фінале – №3 Ціма. Да яго толькі тром гульцам у гісторыі ATP-тура атрымлівалася перамагчы ўсіх з першай тройкі на адным турніры.
Беларускае Радыё Рацыя