Беларускія пяціборцы выйгралі срэбра чэмпіянату Еўропы ў мужчынскай эстафеце
Беларускія пяціборцы Ілля Палазкоў і Яраслаў Радзюк выйгралі срэбраныя медалі чэмпіянату Еўропы, які працягваецца ў Ніжнім Ноўгарадзе. Абыйсці беларусаў змаглі толькі атлеты з Італіі Джузэпэ Парызэ і Раберта Мікеле. Гэта другі медаль зборнай Беларусі на кантынентальным форуме ў Ніжнім Ноўгарадзе. Раней золата ў жаночай эстафеце выйгралі Вольга Сілкіна і Анастасія Пракапенка.
Аляксандр Глеб падпісаў кантракт з клубам з Бахрэйна
Вядомы беларускі футбаліст Аляксандр Глеб вырашыў аднавіць гульнявую кар’еру. У новым сезоне 40-гадовы паўабаронца будзе выступаць у клубе „Халід” з Бахрэйна. Гэтая каманда была створана ў 2020 годзе і ў мінулым сезоне выйграла турнір у другой лізе нацыянальнага першынства, заваяваўшы права выступаць у элітным дывізіёне. У ім гуляюць дзесяць каманд.
Недасекаў, Мірончык-Іванова і Герман выйгралі ўзнагароды на турніры ў Вугоршчыне
Лёгкаатлеты Максім Недасекаў і Анастасія Мірончык-Іванова выйгралі дзве ўзнагароды на міжнародным турніры „Мемарыял Іштвана Д’юлаі” у вугорскім Секешфехервары, які ўваходзіць у каляндар Кантынентальнага тура. У скачках у вышыню Максім Недасекаў змог пераадолець планку на вышыні 2 м 37 см і ўсталяваў новы нацыянальны рэкорд, заваяваўшы золата турніру. У скачках у даўжыню ў жанчын Анастасія Мірончык-Іванова заняла трэцяе месца з вынікам 6 м 60 см. Эльвіра Герман стала срэбранай медалісткай на дыстанцыі 100 м з бар’ерамі і паказала вынік 12,67 секунды. Апярэдзіць ураджэнку Берасцейскай вобласці змагла толькі Язмін Камача-Куін з Пуэрта-Рыка – 12,34 сек.
Сабаленка выйшла ў паўфінал Уімблдонскага турніру
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ўпершыню выйшла ў паўфінал турніраў серыі „Вялікага шлема”. У чвэрцьфінале Уімблдона чацвёртая ракетка свету сустракалася з туніскай тэнісісткай Унс Джабір, якая займае 24-е месца ў рэйтынгу WTA, і перамагла – 6:4, 6:3. Паядынак працягваўся 1 гадзіну 15 хвілін. У матчы за выхад у фінал Арына сустрэнецца з чэшкай Каралінай Плішкавай. Польскі тэнісіст Хуберт Гуркач стаў апошнім удзельнікам чвэрцьфінальнай стадыі мужчынскага адзіночнага разраду Уімблдонскага турніру. У заключным паядынку 1/8 фіналу, які быў спынены з-за дажджу, паляк адолеў другую ракетку планеты расіяніна Данііла Мядзведзева – 2:6, 7:6 (7:2), 3:6, 6:3, 6:3. У чвэрцьфінале Гуркач сустрэнецца з легендарным швейцарскім тэнісістам Роджэрам Федэрэрам.
Козун пакінуў менскае „Дынама”
Канадскі форвард Брэндан Козун пакінуў менскае „Дынама”. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным Telegram-канале „зуброў”. Паведамляецца, што ён працягне кар’еру ў швейцарскім клубе „Амбры-Піота”. Брэндан Козун ў мінулым сезоне усталяваў новы клубны рэкорд „Дынама”, закідваючы шайбы ў шасці матчах запар. Ён правёў 37 матчаў, набраўшы 32 (17+15) балы пры паказчыку карыснасці „-1”. У плэй-оф на яго рахунку чатыры матчы і адна закінутая шайба.
Беларускае Радыё Рацыя