Беларускія штангісты Ягор Грынько і Ягор Папоў сталі прызёрамі моладзевага чэмпіянату свету
У мексіканскай Гвадалахары працягваецца моладзевы чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы – 2023, удзел у якім прымаюць беларускія спартоўцы. Першымі са складу каманды на памост выйшлі Ягор Папоў і Ягор Грынько, якія выступаюць у вагавай катэгорыі да 67 кг. У рыўку Папоў зафіксаваў вагу 136 кг і стаў уладальнікам малой сярэбранай узнагароды, а па суме дзвюх дысцыплін беларус набраў 294 кг, што дазволіла яму стаць бронзавым прызёрам чэмпіянату свету. Перамогу з агульным вынікам у 305 кг святкаваў армянін Гор Сахакян, другое выніковае месца заняў прадстаўнік ЗША Хэмптан Морыс. Не застаўся без узнагароды і Ягор Грынько: у штуршку наш спартовец справіўся са штангай вагой 163 кг, дзякуючы чаму выйграў малы бронзавы медаль. У агульнай табліцы па суме вынікаў Грынько размясціўся на пятай пазіцыі (з сумай 289 кг).
Беларускія футбалісты згуляюць з андорцамі ў кваліфікацыі Еўра-2024
Футбалісты зборнай Беларусі правядуць перадапошні матч адборавага турніру чэмпіянату Еўропы. Падначаленыя іспанскага спецыяліста Карласа Алоса Ферэра ў намінальна хатнім паядынку згуляюць у Будапешце з камандай Андоры (пачатак у 20.00). Гэтую сустрэчу будзе судзіць казахстанская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Булат Сарыеў. У першым крузе спаборніцтваў у кваліфікацыйнай групе I беларусы і андорцы разышліся мірам – 0:0. Пасля гульні ў венгерскай сталіцы зборная Беларусі адправіцца ў Прышціну, дзе 21 лістапада завершыць турнір матчам з футбалістамі Косава.
Брэт Рычы заключыў кантракт з менскім «Дынама»
30-гадовы нападнік Брэт Рычы правёў сезон 2022/23 у НХЛ, выступаючы за «Калгары» (згуляў 34 матчы, закінуў 6 шайбаў і аддаў 2 перадачы) і «Арызону» (16 гульняў, 2+3). Таксама ў розныя гады выступаў за «Далас» і «Бостан».
У АХЛ гуляў за «Правідэнс Бруінз» і «Тэхас Старс». У сезоне 2013/14 з «Тэхасам» выйграў Кубак Колдэра, стаўшы шостым бамбардзірам каманды з 48 (22+26) ачкамі.
У 2011 годзе быў задрафтаваны „Даласам” у другім раундзе пад агульным 44-м нумарам, перадае прэс-служба менскага „Дынама”.
„Мінск” прыме баскетбалістаў „Зеніта” ў матчы Адзінай лігі ЗГБ
Баскетбалісты „МІНСКА” правядуць чарговы паядынак у рэгулярным чэмпіянат Адзінай лігі ВТБ. У сваім 11-м матчы чэмпіёны Беларусі прымуць на пляцоўцы сталічнага Falcon Club аднаго з фаварытаў спаборніцтваў піцерскі „Зеніт”. Да гэтага „Мінск” прайграў усе дзесяць праведзеных матчаў. Зенітаўцы маюць у сваім актыве шэсць вікторый у дзесяці згуляных сустрэчах.
Шарль Леклер выйграў кваліфікацыю Гран-пры Лас-Вегаса.
Манегаск на „Ферары” будзе стартаваць першым. Свой хуткі круг ён праехаў за 1 хвіліну 32,726
Другі час паказаў яго напарнік па камандзе Карлас Сайнс. Ад пераможцы ён адстаў на 0,044. Адзначым, што з-за замены батарэі звыш ліміту іспанец будзе аштрафаваны на дзесяць пазіцый.
Такім чынам другім у бой сыдзе Макс Ферстапен, які паказаў трэці час. Чэмпіён свету на „Рэд Бул” адстаў на 0,034.
Трэцім будзе стартаваць Джордж Расэл на „Мэрсэдэсе”.
Гонка Гран-пры Лас-Вегаса пройдзе заўтра.
Беларускае Радыё Рацыя