Беларускія спартоўцы будуць трэніравацца на радзіме
У сувязі з рашэннем МАК аб пераносе Алімпійскіх гульняў у Токіо, беларускія спартоўцы мяняюць свае трэніровачныя планы. Пра гэта распавёў прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч. Паводле яго слоў, у цяперашні час на замежных вучэбна-трэніровачных зборах у розных кутках планеты знаходзяцца каля ста беларускіх атлетаў. Мінспорту прыкладае ўсе намаганні, каб яны ў самыя бліжэйшыя дні вярнуліся на радзіму. Усе спартоўцы праходзяць праверку на наяўнасць каронавіруса. Прадстаўнікі цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі сустракаюць кожнага і адпраўляюць на каранцінныя мерапрыемствы. Ужо вызначаныя 4 базы, дзе прадугледжаны санітарна-эпідэмічны рэжым, медыцынская рэабілітацыя і назіранне за спартовымі дэлегацыямі. Для ўсіх, хто прыбывае з-за мяжы, усталяваны абавязковы каранцін на 14 дзён. Выезды за мяжу на вучэбна-трэніровачныя зборы і спаборніцтвы часова забароненыя, сказаў Уладзімір Несцяровіч.
Віталь Радзівонаў пакінуў пасаду начальніка каманды „Энергетыка”-БДУ
Былы форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў пакінуў пасаду начальніка каманды „Энергетыка” -БДУ. Спецыяліст займаў гэтую пасаду са жніўня 2019 года. Замест Радзівонава функцыі начальніка каманды „студэнтаў” будзе выконваць Аляксей Пігулеўскі, адзначае прэс-служба „Энергетыка”.
Радзівонаў, Блізнюк, Мазалеўскі і іншыя выпускнікі праграмы УЕФА атрымалі трэнерскія ліцэнзіі
19 беларускіх спецыялістаў прайшлі навучанне па праграме УЕФА і атрымалі трэнерскія ліцэнзіі. Сярод выпускнікоў экс-гульцы нацыянальнай зборнай Беларусі Віталь Радзівонаў, Аляксандр Паўлаў, Генадзь Блізнюк і Дзмітрый Мазалеўскі.
Ян Няпомняшчы і Максім Ваш’е-Лаграв лідзіруюць на экватары Турніру прэтэндэнтаў-2020
У Екацярынбургу завяршыўся 7-й тур Турніру прэтэндэнтаў-2020 па шахматах. Восем гросмайстраў спрачаюцца за права згуляць з Магнусам Карлсанам у матчы за Сусветную шахматную карону. Па выніках паловы турніру ў табліцы лідзіруюць расеец Ян Няпомняшчы і француз Максім Ваш’е-Лаграв – яны набралі па 4,5 бала.
„Арсенал” хоча набыць абаронцу „Лейпцыга” Упамекана
„Арсенал” мае намер набыць абаронцу „Лейпцыга” Даёта Упамекана ў летняе трансфернае акно, паведамляе Sky Sports. Паводле інфармацыі крыніцы, 21-гадовы француз ужо апавясціў кіраўніцтва свайго цяперашняга клуба пра тое, што хоча пакінуць каманду, а „кананіры” ужо падрыхтавалі прапанову па гульцу ў памеры 55 мільёнаў фунтаў. Паведамляецца, што „Арсенал” даўно сочыць за Упамекана і летась спрабаваў набыць яго, але спробы былі няўдалымі.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц