Што ведаюць беларускія спартоўцы пра Аршанскую бітву?



У дзень 500-годдзя адной з самых эпічных бітваў у гісторыі нашай краіны Tribuna.com запытала ў беларускіх атлетаў пра тое, што яны ведаюць пра бітву на рацэ Крапіўне.

«Вучылі толькі тое, што было прапісана партыяй»

Сяргей Вязовіч, гоначнік каманды «МАЗ-СПОРТаўта»

87710_original

«Аршанская бітва? Наогул нічога не ведаю пра гэта. Не ў курсе нават, калі была і хто ўдзельнічаў. Шчыра, ад вас пра яе чую ўпершыню. Так што пра бітвы я вам нічога не скажу. Гісторыя – не мой канёк. Са школы наогул амаль нічога не памятаю, і пра беларускія вялікія бітвы ў тым ліку. Я нават не ўпэўнены, каб мы нешта такое праходзілі. Савецкі Саюз жа быў. Вучылі толькі тое, што было прапісана партыяй, толькі дакранаючыся агульнасусветных гістарычных войнаў. Шмат у чым з-за гэтага мы не ведаем гісторыю Беларусі. Войскі ВКЛ і Рэчы Паспалітай перамаглі пераўзыходзячыя сілы расейскай дзяржавы? Буду ведаць. Лічу, такія падзеі павінны асвятляцца шырока, і незалежна ад таго, колькі гадоў прайшло – 500 або 50».

«Заўсёды трэба памятаць вехі гісторыі»

Аляксандр Куль, дырэктар цэнтра эканамічнага развіцця і спартовага маркетынгу БК «Цмокi-Менск»

IMG_5480

«Пра Аршанскую бітву шмат чаго не ведаю. Ніколі асабліва не паглыбляўся ў гэтую тэму. Не магу дакладна сказаць пра расклад сіл, які быў 500 гадоў таму, але ведаю, што гэта была адна з найбуйнейшых і значных бітваў у нашай гісторыі, і што расейскае войска было ў выніку пераможана. Цяпер ужо постфактум пачуў, што ў краіне было нешта накшталт святкавання даты і прэзентацыя тэматычнай настольнай гульні. Калі б ведаў пра гэта загадзя, абавязкова знайшоў бы час і папрысутнічаў. Гэта ж цікава. Гэта гісторыя. Ды і атмасфера на падобных мерапрыемствах заўсёды вельмі прыемная, цёплая. Некалькі гадоў таму трапіў на «Грунвальдскi фэст» у Дудутках – было вельмі цікава. Маёй сям’і вельмі спадабалася.

А цяперашняя падзея не вельмі масава асвятлялася. Пра тое, што круціцца ў загалоўках інтэрнэту, што вірусам разыходзіцца па сацыяльных сетках, ведаюць усе, а пра гэта – амаль ніхто. Трэба рабіць вялікую працу, каб беларускія гістарычныя падзеі сталі часткай цяперашняй культуры. І пра іх даведаліся ўсе. Акрамя таго, у тым, што мала беларусаў ведаюць пра такога кшталту бітвы, ёсць доля віны і нашай сістэмы адукацыі. Шмат залежыць ад настаўніка гісторыі. Ён павінен умець выклікаць у дзяцей цікавасць да той ці іншай падзеі. Трэба не толькі суха распавядаць пра Аршанскую або Грунвальдскую бітвы, але і імкнуцца ўнесці элемент даследаванняў, самастойнай працы. Гэта павінна зацягваць.

Я прыхільнік таго, што заўсёды трэба памятаць вехі гісторыі. І не толькі найноўшай, хоць і яна важная. Для будучых пакаленняў важна звяртацца да глыбейшых каранёў. І я толькі „за”, калі б было прынята рашэнне лічыць 8 верасня днём беларускай вайсковай славы».

«Калі казаць пра бітвы, то ведаю пра Траянскую бітву»

Андрэй Краўчанка, дзесяціборац

001663_985339

«Нічога не ведаю пра гэтую падзею. І нават не цікавіўся. Я ў падобных гістарычных момантах слабы. Калі ж казаць пра бітвы больш агульна, то ведаю пра Траянскую бітву. Цікавіўся. Чытаў. Ды і ў фільмах часта сутыкаўся. Памятаеце «Трою», дзе Брэд Піт у ролі Ахілеса? Мне гэты персанаж вельмі падабаўся. Ён чымсьці падобны да мяне. Вось я і зацікавіўся, вывучыў. А наогул, тое, што ў нас у краіне мала ведаюць пра падобныя даты, звязваю з тым, што пра іх мала кажуць. Ці можна лічыць 8 верасня  днём беларускай вайсковай славы? Вядома. Беларусы ж не самую апошнюю ролю адыгралі ў гэтай бітве. Адмяняць 23 лютага? Не. Дзень абаронцы Айчыны трэба пакідаць».

«Часцей, чым з расейцамі, наша краіна ні з кім не ваявала»

Павел Грэчышка, футбаліст мазырскай «Славіі»

IMG_1192

«Памятаю яшчэ са школы. 8 верасня 1514 пад Воршай сышліся войскі Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Рускага царства. У выніку нашы разграмілі праціўніка. Наша пакаленне зараз мала пра гэта ведае. Хоць бітва мела важнае значэнне. Можна сказаць, гэта была сутычка за існаванне ВКЛ. А яшчэ і колькасць аб’яднаных войскаў была ўдвая менш. На жаль, у Беларусі не вельмі шмат увагі надаюць уласнай гісторыі. І, здаецца, больш суадносяць нас з Расейскай імперыяй, чым з ВКЛ. Але ж гэта не так. Мяне вучылі не толькі ў школе, але і дома, што часцей, чым з расейцамі, наша краіна ні з кім не ваявала. І наўрад ці пасля рэвалюцыі і двух сусветных войнаў нехта ў нашай краіне захоча нешта мяняць і рабіць днём беларускай вайсковай славы менавіта 8 верасня, а не 23 лютага. Хоць, калі шчыра, не ведаю, што ў гэты дзень такога адбылося і чаму менавіта гэтая дата лічыцца вайсковым прафесійным святам. У мяне асабіста асацыяцый з 8 верасня больш».