Беларускія спартоўцы: Сёння важна, як ніколі, быць чалавекам смелым



Зоркі беларускага спорту Алена Леўчанка, Кацярына Сныціна, Надзея Астапчук, Аляксандра Герасіменя, Сцяпан Папоў і многія іншыя падтрымалі пратэсты ў Беларусі і заклікалі калег выказацца супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Звароты спартоўцаў:

– Для каго патрэбны спорт, для каго мы гуляем? Асабістая лічу, што мы гуляем для гледачоў, для заўзятараў, для нашага народа. А нашага заўзятара зараз збілі, прынізілі, зняважылі ды яшчэ падманулі. А цяпер ці не той час, калі мы павінны стаць на бок заўзятара?

– Тымі, хто мы ёсць, нас робяць не грошы і не сацыяльны статус, тымі, хто мы ёсць, нас робяць нашыя ўчынкі. Не бойся, не маўчы!

– Чэмпіёнскі характар не можа дазволіць застацца ў баку і прамаўчаць. Сёння важна, як ніколі, быць чалавекам смелым, быць чалавекам з вялікім і добрым сэрцам, быць чалавекам з вялікай літары.

– Шматлікім няпроста выказаць сваю пазіцыю, прысутнічае страх, але страх – гэта ілюзія. Мы – свабоднае аб’яднанне спартоўцаў Беларусі. Далучайся! Жыве Беларусь!

Дадам, што вядомыя беларускія спартоўцы заявілі пра стварэнне Свабоднага аб’яднання спартоўцаў Беларусі. Сярод іх – заслужаныя атлеты і зорныя чэмпіёны. Да гэтага іх заахвоцілі падзеі апошняга месяца ў нашай краіне.

Беларускае Радыё Рацыя