Беларускія спартоўцы заваявалі сем узнагарод па шорт-трэку



Адразу трыма медалямі скарбонку беларускай каманды папоўніла Вольга Талаева. На яе рахунку бронзавыя медалі на дыстанцыях 1000 і 1500 м, а таксама срэбра ў гонцы на 500 м. Яшчэ дзве ўзнагароды прынеслі беларусам эстафетныя спаборніцтвы. Жаночая дружына выйграла золата. У хлопцаў беларусы выйгралі бронзу. Яшчэ два медалі выйграла ў Беластоку Кацярына Чыстая, якая выступала ў стартах юніёрак, у групе А. Этап Кубка Еўропы па шорт-трэку, які завяршыўся ў Беластоку, сабраў на лёдзе мясцовага катка больш за 250 спартоўцаў з 15 краін.

«Шахцёр» абыграў «Металург»

Хакеісты салігорскага «Шахцёра» абыгралі жлобінскі «Металург» у гасцявым матчы чэмпіянату Беларусі з лікам 3:0. На сёмай хвіліне супрацьстаяння вызначыўся абаронца «Шахцёра» Ілля Казнадзей. На 26-й хвіліне матчу нападнік «Шахцёра» Ілля Камбовіч рэалізаваў большасць і павялічыў адрыў сваёй каманды. Хакеісты «Металурга» правялі некалькі нападаў, але закінуць шайбу ў брамку галкіпера Максіма Малюціна гаспадары лядовай пляцоўкі не змаглі. Трэці перыяд прайшоў пад дыктоўку гасцей. Гол на 53-й хвіліне матчу на свой рахунак запісаў абаронца «гарнякоў» Канстанцін Дурноў, які рэалізаваў большасць. Гаспадары спрабавалі гуляць на контратаках, але бачнага выніку гэта не дало. Хакеісты «Шахцёра» пісьменна абараняліся і не пакінулі апанентам надзеі на перамогу. У іншых матчах чэмпіянату Беларусі гарадзенскі «Нёман» абыграў менскае «Юнацтва» – 4:2, хакеісты «Ліды» саступілі «Магілёву» – 2:3. «Гомель» быў мацней за маладзечанскае «Дынама» – 2:1.

Паўабаронцам «Нёмана» цікавяцца «Лех» і пражская «Славія»

19-гадовы кыргызскі вінгер «Нёмана» і зборнай Кыргызстана Гулжыгіт Алыкулаў трапіў у сферу інтарэсаў еўрапейскіх клубаў. Як паведамляе ў сваім твітэр-акаўнце польскі журналіст партала Weszlo.com Пшэмыслаў Міхалік, займець кыргызстанца ў свае шэрагі хоча познаньскі «Лех» і пражская «Славія». Тым часам football.by паведамляе, што гульцом цікавяцца і расейскія каманды. Алыкулаў прыйшоў у «Нёман» перад цяперашнім сезонам, падпісаўшы трохгадовы кантракт і правёў у складзе жоўта-зялёных 23 матчы ў вышэйшай лізе, у якіх запісаў на свой рахунак 4 + 4 па сістэме «гол + пас». Па дадзеных выдання, сума адчэпных у кантракце гульца складае 200 тысяч еўра.

БФФ папрасіла не дапускаць на нямецкі стадыён бел-чырвона-белыя сцягі і герб «Пагоня»

На матчы ў нямецкім Мёнхэнгладбасе беларускіх заўзятараў не прапускалі з Пагоняй і бел-чырвона-белымі сцягамі на просьбу Беларускай федэрацыі футбола, якая ў сваю чаргу адмаўляе, што прасіла аб гэтым. «Па нашых звестках, гэты сцяг не з’яўляецца афіцыйным сцягам Беларусі і таму вырашылі трымацца асноўнай забароны палітычных сімвалаў на стадыёне. Афіцыйны сцяг і герб былі, зразумела, дапушчаныя«, – пракаментаваў «Белсату» прэсавы сакратар нямецкага футбольнага звязу Штэфан Айерман. 16 лістапада ў Мёнхэнгладбасе адбыўся матч кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2020 Нямеччына – Беларусь. У сацыяльных сетках заўзятары сцвярджаюць, што сутыкнуліся з забаронай на пранос бел-чырвона-белых сцягоў і гербу „Пагоня”.

Беларускае Радыё Рацыя