Беларускія тэнісісткі драматычна прайгралі ў Кубку Федэрацыі



Тэнісісткі зборнай Беларусі драматычна прайгралі камандзе Нямеччыны з лікам 2:3 у чвэрцьфінальным матчы Кубка Федэрацыі, які завяршыўся на корце менскай „Чыжоўка-Арэны”. Вырашальнай бітвай за выхад у паўфінал стала парная сустрэча, у якой беларускі Арына Сабаленка і Лідзія Марозава ва ўпартай барацьбе саступілі нямецкаму дуэту Ганна-Лена Грэнэфельд / Таццяна Марыя – 7:6 (7:4), 5:7, 4:6. Немкі ў змаганні за выхад у фінал згуляюць з тэнісісткамі Чэхіі, якія ў 1/4 фіналу перайгралі ў Празе швайцарак з лікам 3:1.

Няўдачу беларусак абумовіў той факт, што ўжо ў першы дзень стала кепска Аляксандры Сасновіч, якая ўдала пачала свой матч, але пасля ледзь яго дагуляла і саступіла слабейшай апанентцы. У нядзелю на адзіночны матч замест захварэўшай Сасновіч выйшла менш дасведчаная Вера Лапко. Яна выйграла першы сет, але пасля не вытрывала напругі матчу. Арына Сабаленка свае дзве “адзіночкі” выйграла і такім чынам усё вырашалася ў апошнім парным паядынку. Эдуард Дубраў выставіў на яго Сабаленку і Лідзію Марозаву. Дзяўчаты годна змагаліся, але фінал стаўся на карысць Нямеччыны. 

Беларускае Радыё Рацыя