Беларускія тэнісісткі правядуць чарговыя сустрэчы US Open



У Нью-Йорку сёння працягнуцца паядынкі апошняга ў сезоне тэніснага турніру серыі „Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату ЗША.

У другім раундзе жаночага адзіночнага разраду беларуска Вікторыя Азаранка сустрэнецца з кітайскай тэнісісткай Чжу Лін. Арына Сабаленка ў другім раўндзе будзе супернічаць з брытанскай тэнісісткай Джодзі Брэйрэйдж.

Сёння стартуе 32-гі чэмпіянат Беларусі па хакеі

Трыма матчамі ў Віцебску, Лідзе і Жлобіне стартуе новы сезон беларускай хакейнай экстралігі. У 19.00 у Віцебску хакеісты мясцовага клуба, якія днямі абаранілі званне пераможцаў Кубка Салея, пачнуць паядынак супраць „Гомеля”. У гэты ж час адбудзецца стартавае ўкідванне ў сустрэчы „Ліды” і „Магілёва”.

Цэнтральны матч першага дня рэгулярнага чэмпіянату будзе згуляны ў Жлобіне, дзе сыдуцца фіналісты мінулага сезона экстралігі – „Металург” і гарадзенскі „Нёман”. Пачатак гульні ў 19.25.

Лютыч пяройдзе ў сербскі „Злацібор

Беларускі форвард Віталь Лютыч, які пакінуў баскетбольны клуб «Ніжні Ноўгарад» у сярэдзіне чэрвеня, пяройдзе ў сербскі «Злацібор». Як паведамляе тэлеграм-канал «Перехват», бакі падпісалі аднагадовы кантракт.

«Баварыя» і «Інтэр» канчаткова ўзгаднілі трансфер Павара за 30+2 млн еўра

«Баварыя» канчаткова дамовілася з «Інтэрам» аб продажы абаронцы Бенжамена Павара, паведамляе інсайдэр Фабрыцыа Рамана. Сума трансферу складзе 30 мільёнаў еўра гарантаванымі выплатамі і 2 мільёны бонусамі. Павар можа адправіцца на медагляд ужо сёння, ён падпіша кантракт з зарплатай 5 мільёнаў еўра за год да лета 2028-га. На яго месца мюнхенцы, хутчэй за ўсё, падпішуць Трэва Чалоба з «Чэлсі». Павар выступае за «Баварыю» з лета 2019 года. Яго кантракт з клубам заканчваецца за сезон. У мінулай кампаніі 27-гадовы француз забіў 7 галоў і аддаў 1 асіст у 43 матчах.

Эрлінг Холанд заваяваў яшчэ адзін трафей

Нападнік „Манчэстэр Сіці” Эрлінг Холанд прызнаны лепшым гульцом сезона-2022/23 у Англіі па версіі Асацыяцыі прафесійных футбалістаў (PFA). Таксама на ўзнагароду прэтэндавалі Кевін Дэ Брэйне, Джон Стоўнз (абодва — „Манчэстэр Сіці”), Букаё Сака, Марцін Эдэгард (абодва — „Арсенал”), Хары Кейн (экс-гулец „Тотэнхэма”). У 53 матчах ва ўсіх турнірах 23-гадовы нарвежац забіў 52 галы. У дадатак ён усталяваў рэкорд па колькасці мячоў за сезон у прэм’ер лізе 36,пабіўшы дасягненні Эндзі Коўла і Алана Шырэра (па 34).

Беларускае Радыё Рацыя