Беларускія тэнісісткі ў Маскве перамаглі дружыну Расеі!



Тэнісная зборная Беларусі выйшла ў Сусветную групу жаночага Кубку федэрацыі! У Маскве беларускі перамаглі дружыну Расеі на нязручным для нашай камандзе грунце. Пасля суботніх паядынкаў лік быў 1-1. У нядзелю спярша на корт выйшлі Вікторыя Азаранка і Дар’я Касаткіна. У няпростым змаганні прыма айчыннага тэнісу давяла сваю перавагу ў класе – 6:2, 5:7 і 6:3 у вырашальным сеце.

Потым на пляцоўцы вялі спабор Аляксандра Сасновіч і Маргарыта Гаспаран. Абедзве пацярпелі няўдачу днём раней. Першую партыю выйграла прадстаўніца Расеі – 6:4. Але ў другім сеце перавага беларускі была каласальнай – Сасновіч перамагла ў ім 6:1. У вырашальнай партыі нервы апынуліся мацнейшымі ў беларускі – яна дамінавала і аформіла агульную перамогу ў матчы і пропуск у эліту – 7:5. Такім чынам агульны лік стаў 3-1 і парная сустрэча з расейскімі апаненткамі ператварылася ў пратакольную фармальнасць.

З гісторыі варта прыгадаць, што ў 2004 годзе беларуская мужчынская тэнісная каманда ў 1/8-й фіналу Кубку Дэвіса ў Менску адолела зборную Расеі. Цяпер прыйшла чарга дзявочай каманды.

Беларуская жаночая тэнісная дружына выбіла расейскую з эліты і ўпершыню выйшла ў васьмёрку мацнейшых у свеце. У наступным сезоне яна выступіць на недасягальнай раней вышыні.

intro20160417195020

Беларускае Радыё Рацыя