Беларускія тэнісісткі выйшлі ў фінал Кубку федэрацыі!



Упершыню ў суверэннай гісторыі тэнісісткі Беларусі выйшлі ў фінал галоўнага камандавага турніру свету – Кубку федэрацыі. Перамога ў паўфінальным змаганні з дружынай Швайцарыі была аформлена за два гульнявыя дні адзіночак, так што заключны матч параў стаўся простай фармальнасцю.

Чарговы раз бліскуча сябе выявіла Аляксандра Сасновіч, якая здабыла два ачкі. У першы дзень яна ў цяжкім змаганні адолела Вікторыю Галубіч у трох сетах – 6:3, 5:7, 7:5. Наступнымі на корт выйшлі Арына Сабаленка і дасведчаная Цімеа Бачынскі. У цяжкім змаганні верх узяла швайцарка – 6:4, 7:5. таким чынам пасля першага дня лік быў 1:1.

У нядзелю Сасновіч прадэманстравала свой лепшы тэніс і дастаткова ўпэўнена ў дзвюх партыях перамагла 22-ю ракетку свету Бачынскі – 6:2, 7:6 (7:2 на тай-брэку). А пераможнае ачко прынесла Сабаленка (125-ы нумар сусветнага рэйтынгу), якая ўзяла верх над 54-й ракеткай планеты Галубіч – 6:3, 2:6, 6:4. Беларусь у фінале!!! У паядынку дуэтаў Вольга Гаварцова і Вера Лапко без варыянтаў прайгралі знакамітай Марціне Хінгіс і Беліндзе Бенчыч – 0:6, 1:6. Але агульны лік 3-2 на карысць нашай краіны.

У фінале Кубку федэрацыі, які пройдзе ў лістападзе, Беларусь пад кіраваннем капітана Эдуарда Дубрава сустрэнецца з пераможцам пары Чэхія-ЗША. Зборную Беларусі можа ўзмацніць яшчэ Вікторыя Азаранка, якая прыляцела ў Менск на паўфінальны паядынак і горача заўзела за каманду.

Позна ноччу стала ведама, што другі паўфінальны матч з лікам 3-2 выйгралі амерыканкі. А гэта значыць, што фінал адбудзецца 11-12 лістапада ў Менску. Каманда Беларусі прыме ЗША.

Радасць перамогі

Аляксандра Сасновіч

Арына Сабаленка

Эдуард Дубраў

Беларускае Радыё Рацыя, фота www.pressball.by