Беларускія тэнісісткі захавалі свае пазіцыі ў сусветным рэйтынгу
Беларускія тэнісісткі захавалі свае пазіцыі ў абноўленым сёння, 1 сакавіка, рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Лепшая з беларусак Арына Сабаленка на 8-м месцы. Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 14-й пазіцыі, у Аляксандры Сасновіч 96-е месца, Вольга Гаварцова займае 138-ю пазіцыю, Вера Лапко – на 280-м радку. Лідыруе Эшлі Барці з Аўстраліі.
У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) лепшы з беларусаў Ягор Герасімаў падняўся на семь радкоў і займае 76-е месца, Ілья Івашка знаходзіцца на 112-й пазіцыі, Уладзімір Ігнацік – на 338-м радку. Першае месца ў рэйтынгу ў серба Новака Джокавіча.
Экс-прэзідэнт „Барселоны” Бартамеў і яшчэ два чалавекі затрыманыя ў рамках справы „Барсагейт”
Былога прэзідэнта „Барселоны” Хасепа Бартамеў затрымалі. Супрацоўнікі органаў правапарадку Каталоніі абшукваюць офісы „сіне-гранатавых”. Акрамя таго, затрыманыя былы генеральны дырэктар клуба Оскар Граў, а таксама Раман Гомес Понці, які адказваў за юрыдычныя паслугі. Раней паведамлялася, што аперацыя паліцыі звязана са скандалам, які выліўся ў клубе ў лютым 2020 года і атрымаў назву „Барсагейт”. Тады стала вядома, што кампанія I3 Ventures, з якой супрацоўнічала „Барселона”, працавала над пазітыўным іміджам прэзідэнта клуба Хасепа Бартамеў у сацсетках. У розных акаўнтах публікаваліся пасты ў падтрымку Бартамеў і крытычныя запісы ў адрас футбалістаў, у тым ліку крытыкаваліся і высмейваліся форвард Ліянэль Месі, абаронца Піке і іншыя гульцы „блаўграны”.
Фан-сектар „Смаргоні” будзе байкатаваць матчы каманды
Фан-сектар „Смаргоні” будзе байкатаваць матчы каманды з-за палітычнай сітуацыі ў краіне.
«Фанатамі «Смаргоні» прынята рашэнне адмовіцца ад актыўнай падтрымкі на хатніх, а таксама выязных матчах каманды, у сувязі з рэпрэсіямі і палітычным становішчам у краіне. Народ – чэмпіён! Жыве Беларусь!» – заявілі фанаты.
Раней аб байкатаванні матчаў каманды паведамілі фанаты футбольных клубаў: вышэйшай лігі – БАТЭ, «Слуцка», берасцейскага «Дынама», «Нёмана», «Шахцёра», «Віцебска», «Тарпеда-БелАЗа», «Менска»; першай лігі – «Маладзечна», «Дняпра», «Граніта»; менскага «Тарпеда», хакейнага менскага «Дынама», валейбольнага «Заходняга Буга».
БФСС падаў спіс беларускіх спартовых чыноўнікаў, якім прапануе абмежаваць уезд ва Украіну
Беларускі фонд спартовай салідарнасці падаў у Службу бяспекі Украіны спіс беларускіх спартовых чыноўнікаў, якім прапануе абмежаваць уезд ва Украіну.
У санкцыйных спіс патрапіў міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук і ягоныя намеснікі: Міхаіл Кравец, Аляксандр Бараўля, Вячаслаў Дурноў, а таксама яшчэ цэлы шэраг спартовых чыноўнікаў. Ліст быў накіраваны ў Вярхоўную раду, Кабінет міністраў і СБУ.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя