Беларускія тэнісісты пераможна стартавалі на US Open



32-і нумар сусветнага рэйтынгу беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч пераможна пачала выступы на адкрытым чэмпіянаце ЗША ў Нью-Йорку.

У 1/64 фіналу беларуска абыграла ў дзвюх партыях 99-ю ракетку планеты італьянку Элізабэту Качарэту – 6:2, 6:4. У другім раўндзе Сасновіч сустрэнецца з амерыканскай тэнісісткай Джэсікай Пегулай. Вікторыя Азаранка перайграла ў трохсэтавым паядынку амерыканку Эшлі Кругер – 6:1, 4:6, 6:2. Наступнай суперніцай беларускі будзе ўкраінка Марта Касцюк. Першай з беларусак на US Open-2022 стартавала шостая ракетка планеты Арына Сабаленка, якая абыграла амерыканскую тэнісістку Кэтрын Харысан – 6:1, 6:3. У 1/32 фіналу суперніцай Сабаленкі будзе эстонка Кая Канэпі. Першая ракетка свету полька Іга Швёнтэк у двух сэтах разабралася з італьянкай Ясмін Пааліні – 6:3, 6:0. Яе наступная суперніца вызначыцца ў пары Грыт Мінен (Бельгія) — Слоан Стывенс (ЗША).

Шыкаўка дапамог „Кароне” перамагчы „Жэшуў” у Кубку Польшчы

Яўген Шыкаўка аформіў дубль і дапамог „Кароне” перамагчы „Жэшуў” у 1/32 фіналу Кубка Польшчы па футболе. Матч скончыўся ўнічыю – 3:3, а серыя пенальці з лікам 7:6. У гасцей Яўген Шыкаўка правёў увесь матч, забіў два мячы і не рэалізаваў пасляматчавы пенальці.

„Чэлсі” саступіў „Саўтгемптану”

У чарговым матчы чэмпіянату Англіі „Чэлсі” саступіў у гасцях „Саўтгемптану” 1:2. На гол Рахіма Стэрлінга яшчэ ў першым тайме адказалі Рамэа Лавіа і Адам Армстранг. У стартавым туры чацвёртага тура чэмпіянату Італіі „Сассуола” і „Мілан” згулялі ўнічыю – 0:0. На 23-й хвіліне Даменіка Берардзі не рэалізаваў пенальці ў браму „Мілана”. „Інтэр” абыграў „Крэманэзе” 3:1, а „Рома” на хатняй арэне разграміла „Монцу” – 3:0.

Душак стаў гульцом мінскага „Дынама”

Хакейнае мінскае „Дынама” аб’явіла аб падпісанні кантракта з амерыканскім абаронцам Джозэфам Душакам. Два папярэднія сезоны 25-гадовы абаронца выступаў у Амерыканскай хакейнай лізе за „Таронта Марліс”. Усяго ў рэгулярных чэмпіянатах другой па сіле лігі Паўночнай Амерыкі Душак правёў 111 матчаў, у якіх зарабіў 82 (14+68) балы. Таксама на рахунку Джозэфа адна шайба ў чатырох паядынках плэй-оф. У мінулым годзе амерыканец выдаў паказчык карыснасці „+3”, стаў другім абаронцам-бамбардзірам АХЛ, а па выніках сезона быў уключаны ў другую сімвалічную зборную зорак. Першы матч у рэгулярным чэмпіянаце новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі сталічнае „Дынама” правядзе 3 верасня супраць „Барыса”. Сустрэча пройдзе на „Мінск-Арэне” і стартуе ў 16.30.

Беларускае Радыё Рацыя