Беларускія цяжкаатлеты вяртаюцца з Алімпіяды без медалёў
Упершыню за 25 гадоў беларускія цяжкаатлеты вяртаюцца з Алімпіяды без медалёў. У першай спробе ў рыўку Дар’я Навумава, якая выступала ў катэгорыі да 76 кг, зафіксавала 103 кг. У астатніх двух падыходах не змагла ўзяць вагу ў 107 кг. У выніку яна заняла пятае месца. Раней няўдала выступіў Яўген Ціханцоў. Беларусы бралі медалі ў цяжкай атлетыцы на пяці Алімпіядах запар: у Рыа-2016 два срэбраныя медалі, у Лондане-2012 былі дзве бронзы, а ў Пекіне-2008 было золата Андрэя Арамнава. Былі таксама ўзнагароды ў Сіднэі-2000 і Афінах-2004 года. У Токіа ад Беларусі былі толькі два цяжкаатлеты праз наступствы допінгавых скандалаў.
Беларускія кідальнікі молата не змаглі прайсці кваліфікацыю
Беларускія малатабойцы Іван Ціхан і Глеб Дудараў выступілі ў кваліфікацыі на Гульнях у Токіо. У сваёй лепшай спробе адзін з самых тытулаваных спартоўцаў у складзе беларускай лёгкаатлетычнай зборнай адправіў снарад на 74 метры 57 сантыметраў і заняў у сваёй групе А 12-е месца. Вынік Глеба Дударава – 71 метры 60 сантыметраў. Ён не дазволіў яму падняцца вышэй за 14-ю пазіцыю ў прамежкавым пратаколе. Наперадзе спаборніцтвы групы В, дзе Беларусь прадстаўляе Юрый Васільчанка. Па выніках кваліфікацыі адбіраюцца 12 лепшых спартоўцаў з двух груп, а пасля трох фінальных спробаў застаецца восем лепшых удзельнікаў, якія аспрэчваюць узнагароды.
Італьянскі бягун Марсэль Джэйкабс выйграў алімпійскую стомятроўку
Італьянскі спрынтар Марсэль Джэйкабс стаў алімпійскім чэмпіёнам у бегу на 100 м. У фінале ён прабег стомятроўку за 9,8 секунды. Другім фінішаваў амерыканскі бягун Фрэд Керлі, Бронзавы медаль заваяваў канадскі лёгкаатлет Андрэ дэ Грас. Сусветны рэкорд у гэтай найпрэстыжнай лёгкаатлетычнай дысцыпліне ўсталяваў славуты бягун з Ямайкі Усэйн Болт, які ў жніўні 2009 года ў Берліне пераадолеў стомятроўку за 9,58 секунды.
ФК „Слуцк” згуляў унічыю з менскім „Дынама”
У нядзелю у рамках 18-га тура чэмпіянату Беларусі ФК „Слуцк” прымаў на хатняй арэне менскае „Дынама”. Матч скончыўся нічыйным вынікам – 1:1. Менчане адкрылі лік на 4-й хвіліне сустрэчы. Уладзіслаў Клімовіч скарыстаўся удалым закідам партнёра па камандзе ў штрафную плошчу і прабіў у блізкі кут. „Слуцк” зраўняў лік на 20-й хвіліне матчу, дзякуючы голу Андрэя Патапенкі.
„Ягелонія” разграміла „Ракув”
Футбалісты беластоцкай „Ягелоніі” ў другім туры чэмпіяната Польшчы па футболе разграмілі на хатняй арэне футбалістаў „Ракува” Чэнстахова. Каманда Ірэнеўша Мамрота выйграла з лікам 3:0, дзякуючы дублю капітана Тараса Раманчука, яшчэ адзін гол забіў іспанец Хесус Імаз.
„Краснадар” заплаціў „Лакаматыву” 2,5 мільёна еўра за Гжэгажа Крыховяка
„Лакаматыў” і „Краснадар” ўзгаднілі пераход польскага паўабаронцы Гжэгажа Крыховяка. Маскоўскі клуб абвясціў, што перамовы знаходзяцца на фінальнай стадыі, у бліжэйшы час паляк пройдзе медагляд у „Краснадары”. Пасля гэтага футбаліст падпіша кантракт з новым клубам. Краснадарцы заплацілі за 31-гадовага хаўбека 2,5 мільёна еўра. Крыховяк выступаў за „Лакаматыў” са жніўня 2018 года. З клубам ён выйграў Кубак і Суперкубак Расеі.
Андрэй Шэўчанка пакінуў пасаду галоўнага трэнера зборнай Украіны
Андрэй Шаўчэнка ўзначаліў зборную Украіны пасля няўдалага выступы каманд на Евро-2016. Ён замяніў на пасадзе трэнера Міхаіла Фаменку. Пад кіраўніцтвам Шаўчэнкі ўкраінская нацыянальная каманда выйшла на Еўра-2020 з першага месца ў групе. Найвышэйшым дасягненнем Шаўчэнкі як трэнера стаў выхад зборнай Украіны ў чвэрцьфінал Еўра-2020. Выступ на гэтай стадыі стаў рэкордам каманды на чэмпіянатах Еўропы.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя