Беларускія валейбалісткі ў плэй-оф чэмпіянату Еўропы!
Пасля перамогі над дружынай Балгарыі 3-2 у заключным паядынку групавога турніру жаночая валейбольная зборная Беларусі выйшла ў 1/8-ю фіналу.
Сустрэча з балгаркамі ў Ратэрдаме склалася вельмі няпроста. Для выхаду ў наступны раўнд выхаванкам Пятра Хілько патрэбна было мінімум выйграць дзве партыі. Першы сет гульня ішла абсалютна на роўных, толькі ў канцы партыі беларускі здолелі адарвацца на пару мячоў 21:18 і давялі справу да выйгрышу – 25:21, узяўшы апошняе ачко ўдалым блокам. Беларускія дзяўчаты лепш падавалі і блакавалі, што і вызначыла іх перавагу. У другой партыі нашы саступалі 15:18, але здолелі пераламаць хаду сету і вырвалі яго – 25:23.
Пэўная эйфарыя абярнулася зніжэннем канцэнтрацыі і наступныя дзве партыі беларускі прайгралі – 14:25, 20:25. Зыход гульні і тое, хто зойме ў падгрупе другое месца, вырашыліся на тай-брэйку. Пры напружаным змаганні зборная Беларусі была мацнейшай – 15:11.
Такім чынам беларускі занялі другое месца ў сваім квартэце і ў стыкавым матчы за выхад у чвэрцьфінал сустрэнуцца з трэцяй камандай групы „А” – дружынай Польшчы. Сустрэча пройдзе 30 верасня.
Беларускае Радыё Рацыя