Беларускія валейбалісты саступілі Партугаліі ў матчы кваліфікацыі ЧЕ
Беларускія валейбалісты саступілі Партугаліі ў матчы кваліфікацыйнага раўнду чэмпіянату Еўропы з лікам 2:3. У складзе беларусаў самым выніковым гульцом стаў Радзівон Міскевіч, які набраў 19 ачкоў.
У наступным паядынку сёння зборная Беларусі, якая выступае ў групе G, сустрэнецца з дружынай Вугоршчыны.
Хакеісты зборнай Беларусі абыгралі каманду Нямеччыны ў таварыскай сустрэчы
Хакеісты зборнай Беларусі, якія працягваюць падрыхтоўку да чэмпіянату свету ў Латвіі, абыгралі каманду Нямеччыны ў таварыскай сустрэчы, якая завяршылася ў Нюрнбергу з лікам 4:1. У складзе беларусаў шайбы закінулі Герман Несцераў, Дзмітрый Знахаранка, Франсіс Парэ і Ілля Усаў. Лепшым гульцом матчу быў прызнаны Крысціян Хенкель. Сёння адбудзецца яшчэ адзін паядынак паміж гэтымі камандамі.
Менскія „Цмокi” выйшлі ў фінал баскетбольнага чэмпіянату Беларусі
На чэмпіянаце Беларусі па баскетболе сярод мужчынскіх каманд вызначыліся ўдзельнікі фінальнай серыі за залатыя медалі. Услед за магілёўскім „Барысфенам” у фінал выйшлі дзеючыя чэмпіёны краіны баскетбалісты „Цмокi-Мiнск”. У трэцім паядынку паўфінальнай серыі „цмокі” ўпэўнена перайгралі сталічны „Імпульс-БДУІР” 96:62. У першых двух паядынках серыі да трох вікторый „Цмокi” таксама былі мацнейшыя – 92:65 і 101:42. Баскетбалісты „Барысфена” таксама тройчы перамаглі ў паўфінале „Гродна-93” – 87:77, 100:69 і 83:71. Плануецца, што першы паядынак фінальнай серыі за чэмпіёнскі тытул адбудзецца 15 траўня.
Футбалісты „Нёмана” выйгралі першы матч у чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” святкавалі першую перамогу ў матчах чэмпіянату Беларусі. У гасцявым паядынку 8-га тура падначаленыя Ігара Кавалевіча абыгралі футбалістаў „Смаргоні” з лікам 2:0. У канцы першага тайма гаспадары засталіся ў меншасці, чым пасля перапынку спаўна скарысталіся госці. На 54-й хвіліне першы мяч забіў Ягор Зубовіч, а праз паўгадзіны вынік падвёў Аляксандр Джыгера. У другой сустрэчы футбалісты „Гомеля” разграмілі „Слуцк” 4:1 і падняліся на 3-е месца ў турнірнай табліцы. Сёння берасцейскі „Рух” прыме рэчыцкі „Спадарожнік”, футбалісты „Мінска” згуляюць на сваім полі з „Віцебскам”, а ў Мазыры мясцовая „Славія” будзе супернічаць з берасцейскімі дынамаўцамі.
Беларускія барцы вольнага стылю заваявалі два медалі кваліфікацыйнага турніру да Гульняў у Токіо
Беларускія барцы вольнага стылю заваявалі два медалі кваліфікацыйнага турніру да Гульняў у Токіо, які праходзіць ў балгарскай Сафіі. Магамедхабіб Кадзімагамедаў, які выйграў напярэдадні алімпійскую ліцэнзію ў фінальнай сутычыцы ў вагавай катэгорыі 74 кг перамог суперніка з Украіны Васіля Міхайлава – 6:2. Акрамя таго, Нюргун Скрабін, які застаўся без пуцёўкі на Алімпіяду ў Токіо, стаў уладальнікам бронзы турніру. У паядынку за бронзу яго супернікам павінен быў стаць Джордан Майкл Олівер, аднак амерыканец адмовіўся ад барацьбы і яму была прысуджана параза.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ctv.by